Беларусь і Кітай выйшлі на якасна новы ўзровень міждзяржаўных адносін. Такі вынік афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіна 29 верасня ў Пекіне, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

president.gov.by

president.gov.by

«Мы сапраўды сур'ёзна прасунуліся ў нашым супрацоўніцтве. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць Вам асабіста за ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін», — сказаў Лукашэнка.

«Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным прасоўваннем тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і перш за ўсё Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта сапраўды найважнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі».

Лукашэнка і Сі Цзіньпін «абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна больш актыўна выкарыстоўваць». Размова на перамовах таксама ішла аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме, развіцці міжпарламенцкага дыялогу. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях «дарогай з больш інтэнсіўным рухам», узмацняць узаемную падтрымку.

«Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і падымаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер'е, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах», — заявіў Сі Цзіньпін.

Па выніках перамоў падпісана сумесная дэкларацыя «аб усталяванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

У дакуменце «замацаваны намер бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць «усепагодную дружбу». «Значная ўвага» ў дэкларацыі нададзена эканамічнаму блоку супрацоўніцтва, сумеснаму прасоўванню праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

У прысутнасці Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна падпісана «амаль тры дзясяткі» пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў сферах прамысловасці і інвестыцый, фінансаў, гандлю, адукацыі і навукі, турызму.

Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы» за «вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі». Старшыня КНР «стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды».

У Пекіне 29 верасня Лукашэнка таксама сустрэўся са старшынёй пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

Дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Кітай працягнецца 30 верасня. Запланавана сустрэча з прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Акрамя таго, Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ і студэнтамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0