Трэнер зборнай Польшчы Леа Бээнхакер спадзяецца, што ягонай камандзе ўдасца абыграць харватаў у заключным матчы групы В і выйсьці ў чвэрцьфінал чэмпіянату Эўропы.


Леа Бээнхакер
Харваты чатыры дні таму забясьпечылі сабе першае месца ў групе, тады як палякам трэба набраць тры балы. Праўда, калі Нямеччына ў другім матчы абыграе аўстрыйцаў, камандзе Бээнхакера ўжо нічога не дапаможа.

«Мы мусім зрабіць усё, што ад нас залежыць, — кажа галяндзкі спэцыяліст. — Мы ня зможам кантраляваць хаду падзеяў. Усё, што ў маіх сілах, — гэта пастарацца атрымаць перамогу над Харватыяй. Мы цалкам сканцэнтраваныя на гэтай задачы. Спадзяюся, што вынік другой сустрэчы будзе спрыяльны для нас, і мы зможам выйсьці ў чвэрцьфінал.

Трэнер зборнай Харватыі Славен Біліч, у сваю чаргу, сказаў, што ягоная каманда з нецярпеньнем чакае матчу:


Славен Біліч

«Наш супернік — гэта цудоўная зборная. тым ня менш мы спадзяемся працягнуць пераможную сэрыю».

Харваты выйдуць на матч з жалобнымі павязкамі на руцэ ў памяць пра 19‑гадовага заўзятара, які трагічна загінуў напярэдадні матчу зь Нямеччынай.

Славен Біліч ня згодны са сьцьверджаньнем, што на матч з палякамі выйдзе аслаблены склад.

«Гэта ня будзе рэзэрв, ‑‑ адзначыў ён. — У нас у зборнай няма падзелу на аснову і запасных. Няма таксама ў нас і дублёраў. У мяне няма сумненьняў, што які б склад я ня выбраў, мы можам адолець Польшчу. Я стаўлюся да супернікаў зь вялікай павагай, але таксама веру ў сваіх хлопцаў».

Паводле euro2008.uefa.com

Трансьляцыя матчу Нямеччына – Аўстрыя на канале АНТ пачнецца а 21:30.

Апоўначы будзе паказаны матч Харватыя – Польшча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0