Замежныя інвестары, якія спецыялізуюцца на новых рынках, не ўспрымаюць сёння Беларусь як краіну, куды неабходна ўкладваць інвестыцыі, заявіў дырэктар-кіраўнік інвестыцыйнага банка Rothschild па краінах СНД Джавані Сальвеці падчас канферэнцыі «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё», якая 29—30 верасня праходзіць у Мінску.

Сальвеці адзначыў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый важнае для любой краіны, бо інвестары прыносяць у эканоміку капітал, падаткі, тэхналогіі.

«Усё гэта добра адбіваецца на абнаўленні эканомікі. Але важны і іншы аспект. Як паказвае практыка, чым больш замежныя інвестары ўкладваюць у краіну, тым больш яны пра яе клапоцяцца», — сказаў Сальвеці.

Разам з тым «Беларусь не ўспрымаецца сёння сур'ёзна інвестарамі як краіна, у праекты на тэрыторыі якой трэба ўкладаць інвестыцыі», адзначыў ён. Як следства, дадаў Сальвеці, узровень прамых замежных інвестыцый у разліку на душу насельніцтва ў Беларусі істотна ніжэйшы, чым у іншых краінах.

«За апошнія пяць гадоў Беларусь нічога сур'ёзнага не выставіла на продаж, каб прыцягнуць замежныя інвестыцыі», — канстатаваў прадстаўнік банка.

Ён адзначыў, што ў беларускай эканоміцы працягвае адыгрываць вызначальную ролю дзяржсектар, у той час як у еўрапейскіх краінах (Польшчы, Славакіі, Чэхіі) унёсак прыватнага сектара ў эканоміку складае больш за 70%.

У сувязі з гэтым Сальвеці звярнуў увагу на тое, што ў еўрапейскіх краінах з развітым прыватным сектарам ВУП на душу насельніцтва складае 15 і больш тысяч долараў, а ў Беларусі — прыблізна 6 тыс.

«Такім чынам, існуе прамая карэляцыя паміж развіццём прыватнага сектара і ўзроўнем дабрабыту ў краіне. Гэта ўпарты факт», — падкрэсліў прадстаўнік банка «Ротшыльд».

На яго думку, для павышэння цікавасці інвестараў да беларускай эканомікі варта было б рэалізаваць шэраг пілотных прыватызацыйных праектаў. «Калі б я працаваў у беларускім урадзе, то рэалізаваў бы пару-тройку праектаў з удзелам «блакітных фішак», каб Беларусь з'явілася на карце замежных інвестараў. Цяпер яе там няма, на жаль», — заявіў Сальвеці.

Як паведамлялася, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў на форуме, што Беларусь пакуль не атрымала таго прытоку інвестыцый, на які разлічвала. «Не апошнюю ролю тут адыгрывае і недастатковая інфармаванасць аб наяўных у Беларусі патэнцыяле і магчымасцях. Мы мэтанакіравана працуем над пераадоленнем гэтых недахопаў. Беларусь правяла шэраг буйных інвестыцыйных мерапрыемстваў у Нью-Ёрку, Лондане, Вене, Стамбуле. Сённяшні форум працягвае пералік такіх мерапрыемстваў», — сказаў Кабякоў.

Разам з тым ён лічыць, што ў краіне сфармаваная нядрэнная заканадаўчая база для прыцягнення замежных інвестыцый. «Значная частка тэрыторыі краіны — гэта прэферэнцыйныя рэжымы, якія паспяхова функцыянуюць, пры размяшчэнні бізнесу ў межах свабодных эканамічных зон, Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парку «Вялікі камень», на тэрыторыі малых і сярэдніх гарадоў Беларусі», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?