Як зазначаецца ў звароце, Э.Зельцэр «знаходзіцца пры смерці ў турме КДБ». Берта Зельцэр сцвярджае, што больш як тры месяцы яе сыну «адмаўляюць у жыццёва неабходных леках, нягледзячы на тое што некалькі ўрачоў, якія яго лечаць, папярэджвалі Адміністрацыю прэзідэнта, генеральнага пракурора і следства аб магчымасці смяротнага канца ў выпадку канфіскацыі медыкаментаў».
«Мне 92 гады, мне засталося нядоўга жыць, і я не хачу перажыць майго сына, — піша маці арыштаванага. — Я ведаю, што ў Вас ёсць дзеці, і я звяртаюся да Вашай гуманнасці і добрай волі, спадар прэзідэнт, выратаваць жыццё майго сына. Прашу Вас не адмовіць у просьбе маці. Бог Вам аддзячыць».
Нагадаем, Э.Зельцэр разам са сваім сакратаром Уладленай Функ былі затрыманы ў Мінску 12 сакавіка. Яны абвінавачваюцца ў выкарыстанні заведама падробленых дакументаў групай асоб. Падрабязнасці арышту афіцыйна не каментуюцца, паколькі справа мае статус дзяржаўнай тайны.
Э.Зельцэр — адвакат грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея, які з\’яўляецца далёкім сваяком грузінскага бізнесмена Бадры Патаркацышвілі. Пасля смерці апошняга 13 лютага Дж.Кей прад\’явіў дакументы, згодна з якімі ён прызначаны выканаўцам завяшчання памерлага. Дакументы былі складзены Э.Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацышвілі аб\’явілі іх падробкай, пасля чаго Э.Зельцэр і быў затрыманы ў Мінску. Між тым 13 мая суд Тбілісі прызнаў Дж.Кея выканаўцам завяшчання, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.
У канцы мінулага тыдня адвакат Дзмітрый Гарачка паведаміў БелаПАН, што стан Э.Зельцэра «катастрафічны». Арыштаванаму адмоўлена ў вентылятары, нягледзячы на тое што ён дрэнна пераносіць спякоту. Паводле слоў адваката, Э.Зельцэр можа гаварыць, але перамяшчаецца з цяжкасцю, «стараючыся трымацца за сцяну». Умовы ўтрымання амерыканскага юрыста ў СІЗА КДБ Д.Гарачка назваў нездавальняючымі: «У камеры іх двое, вельмі мала месца, душна, а Зельцэр — хворы чалавек, якому патрэбна пастаянная медыцынская дапамога».