Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку падзяліўся ўражаннямі пра сённяшні збор подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Зміцер ад 19 верасня ладзіць збор подпісаў у Мінску, а сёння правёў пікет ля ўніверсама «Цэнтральны» ў цэнтры сталіцы.

«Подпісы зьбіраліся сёньня вельмі добра і бадзёра. Толькі ў мяне за гадзін шэсьць працы каля 250 подпісаў — па 40 подпісаў за гадзіну. Зборшчыкаў было сёньня ад трох да шасьці ў розны перыяд часу і агулам подпісаў ля універсама «Цэнтральны» сабрана блізу тысячы. Радуе, што многія заслужаныя і вядомыя людзі прыйшлі падпісацца за #нашсцяг І ёсьць сярод гэтых подпісаў самы дарагі для нас сёньня.

Ветэран Другой сусьветнай вайны Сурын Мікалай павольна ішоў да бел-чырвона-белага пікета па ходніках праспэкта, параўняўся, выпрастаўся і папрасіў падпісны аркуш. 91-гадовы партызан адмыслова для гэтай місіі апрануў усе баявыя ўзнагароды, а на разьвітаньне ўзьняў над Менскам бел-чырвона-белы сьцяг. Ён выглядаў велічна — нават воўчая зграя не асьмелілася кінуцца да яго і скласьці пратакол»

Фота з фэйсбука Змітра Дашкевіча