Беларусь павышае тарыфы на транспартаванне расійскай нафты па трубаправодах на сваёй тэрыторыі, гаворыцца ў пастанове Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю краіны №30, апублікаванай у суботу.

Транспарціроўка нафты па трубаправодзе Унеча (Высокае) — Адамава Застава падаражэе да 400,98 расійскіх рублёў за тону без уліку ПДВ. Раней дадзены тарыф складаў 267,32 рублёў.

Транспартаванне тоны нафты па маршруце Унеча (Высокае) — Броды будзе каштаваць 172,23 расійскіх рублёў замест 114,82.

Тарыф на кірунку Невель (Вялікія Лукі) — Полацк павялічваецца з 32,31 да 48,47 рублёў.

Новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Гэта павышэнне з'яўляецца адказам Беларусі на адмову Расеі знізіць цэны на газ пасля іх падзення на сусветным рынку, а таксама на абмежаванне паставак нафты ў параўнанні з папярэднімі кварталамі.

Раней тарыфную вайну беларускі бок вёў у 2009—2010 гадах, пакуль не было падпісана усёабдымнае пагадненне па аб'ёмах паставак і тарыфах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?