Кнігу пра палітвязня, якую выпусціў віцебскі камітэт «За свабоду Сяргея Парсюкевіча», плануюць падарыць чыноўнікам.

Кніга «Сяргей Парсюкевіч. На хвалях жыцця» складаецца з матэрыялаў, якія з’яўляліся ў інтэрнэце, незалежных СМІ і былі прысвечаныя гісторыі зняволення Віцебскага актывіста Руху «За Свабоду», старшыні Савета прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебска Сяргея Парсюкевіча.

Грамадскія актывісты распаўсюдзяць выданне сярод прадпрымальнікаў Віцебшчыны і прадстаўнікоў уладных структураў.

— Гісторыя гэтага прыстойнага чалавека, мужнага змагара за справядлівасць, праўду і свабоду, знойдзе водгук у сэрцах чытачоў: у каго знішчыць страх, у каго прабудзіць сумленне, — выказвае меркаванне актывістка Руху «За Свабоду» Таццяна Севярынец.

Нагадаем, што падчас адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня Сяргей Парсюкевіч быў жорстка збіты супрацоўнікам мінскага ізалятара часовага утрымання Дулубам. Але справу павярнулі на карысць Дулуба, быццам бы Сяргей збіў супрацоўніка ўстановы. 23 красавіка 2008 года Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года турмы. Сябры Сяргея, яго родныя не страчваюць надзеі, што палітвязень выйдзе на свабоду.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0