У Беларусі скарэктуюць сістэму аплаты працы ў бюджэтнай сферы, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

«Па даручэнні ўрада ў Мінпрацы падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае пэўныя змяненні ў сістэме аплаты працы ў бюджэтнай сферы, каб разняволіць ініцыятыву канкрэтнага наймальніка і галіновых міністраў, якія без дадатковых узгадненняў змогуць прымаць рашэнні, куды накіроўваць сродкі, каб матываваць дзейнасць у галіне», — расказала Мар'яна Шчоткіна.

Такім чынам, кіраўнікі прадпрыемстваў будуць устанаўліваць надбаўкі да зарплат супрацоўнікаў, якіх яны палічаць патрэбным дадаткова прастымуляваць.

«Прапанова цяпер у тым, каб змяніць сам падыход: гэта значыць ставіць пэўны аклад, а стымулюючыя надбаўкі будуць вызначаць кіраўнікі ўнутры галіны ў залежнасці ад таго, які кірунак важны», — рэзюмавала Мар'яна Шчоткіна.

У чым змены? На гэты момант заробак бюджэтнікам налічваецца па строгай формуле з улікам тарыфнай стаўкі, стажа і гэтак далей. Павялічыць яго можна толькі за кошт прэмій, але кожную з іх трэба абгрунтаваць. Цяпер жа прапануецца даць начальніку свабоду ў налічэнні заробкаў: калі найлепш працуе аддзел маркетынга, то яго работнікі па змоўчанні будуць зарабляць больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?