17 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў другім чытанні законапраект аб змяненнях і дапаўненнях у некаторыя законы па пытаннях рэкламы.

Як паведаміла намеснік старшыні камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Ганна Бурава, законапраект скіраваны на прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з законам «Аб рэкламе». У прыватнасці, зазначыла яна, у закон упершыню ўведзены абмежаванні і забароны ў дачыненні да рэкламы слабаалкагольных напоўя і піва. Апрача таго, прадугледжана поўная забарона рэкламы тытунёвых вырабаў з 1 студзеня 2008 года.

«У гэтай сувязі ў законапраекце прапаноўваецца выкласці ў новай рэдакцыі назву і пункты 1—3 артыкула 12.26 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, што прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў да рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў», — сказала Г.Бурава.

У законапраект таксама ўключана норма аб унясенні дапаўнення ў артыкул 10 закона аб рэкламе. Яна ўводзіць забарону на рэкламу работ і паслуг гіпнатызёраў, экстрасэнсаў, варажбітак, астролагаў, чараўнікоў і іншых асобаў, якія аб’яўляюць сябе або якія лічаць сябе здольнымі прадказваць падзеі, уздзейнічаць на людзей, духоўны свет шляхам выкарыстання звышпрыродных здольнасцей.

Паводле слоў А.Буравай, забараняецца рэклама псіхалагічнай дапамогі, апрача тых выпадкаў, калі такая дапамога аказваецца дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнымі арганізацыямі, а таксама бясплатна іншымі арганізацыямі на законных падставах.

«Апрача таго, уводзіцца забарона на рэкламу паслуг сексуальнага характару, у тым ліку пад выглядам псіхалагічнай дапамогі, размовы, рэлаксацыі, масажу, прыемнага баўлення часу», — сказала Г.Бурава.

Яна таксама зазначыла, што законапраект прадугледжвае дазвол на выкарыстанне вобразаў людзей і жывёл у зарэгістраваных таварных знаках, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння алкагольных напояў і піва, калі гэтыя таварныя знакі зарэгістраваны да таго, як набыў моц закон аб рэкламе.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0