Камісія ўрада Расіі ўхваліла законапраект, які дазваляе расійскім вайскоўцам тэрміновай службы і расіянам, якія знаходзяцца ў запасе, заключаць кароткатэрміновыя кантракты на службу за мяжой. Мэта законапраекта — хутчэй камплектаваць расійскія ваенныя часці, якія знаходзяцца за мяжой.
ria.ru
Неабходнасць такога кроку ў законапраекце тлумачыцца неабходнасцю змагацца з міжнароднымі тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі арганізацыямі.
Тэрмінавік, які рыхтуецца да дэмабілізацыі, ці служачы запасу ўжо цяпер можа заключыць з міністэрствам абароны кантракт на тэрмін ад двух гадоў. Новы законапраект прапануе дазволіць заключэнне больш кароткіх кантрактаў тэрмінам ад шасці месяцаў да года, якія будуць дзейнічаць «толькі ў перыяд надзвычайных абставін».
З пункту гледжання ваенных гэта неабходна «для аператыўнага вырашэння кароткатэрміновых, але важных задач, звязаных з удзелам у аперацыях па спыненні дзейнасці тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый».
Надзвычайнымі абставінамі пры гэтым лічацца як ліквідацыя наступстваў стыхійных бедстваў, так і «выкананне мерапрыемстваў надзвычайнага становішча, аднаўленне канстытуцыйнага парадку і іншыя надзвычайныя сітуацыі».
Расія крыху больш за год праводзіць ваенную аперацыю ў Сірыі. Расійскі кантынгент у гэтай краіне складаецца, як сцвярджаецца, выключна з кантрактнікаў, якім плацяць вялікія надбаўкі за камандзіроўку.
У верасні стала вядома, што падчас выбараў у Дзярждуму на выбарчыя ўчасткі ў Сірыі прыйшлі каля 4,5 тысяч расіян. Эксперты лічаць, што большасць з іх — вайскоўцы.