Павел (у цэнтры) паціскае руку Міхаілу Мясніковічу ў рэдакцыі Kyky.org.

Павел (у цэнтры) паціскае руку Міхаілу Мясніковічу ў рэдакцыі Kyky.org.

«Мне не сорамна за гэтыя паўтара года, — запэўнівае Павел. — Мы запусцілі новы сайт, пры мне Kyky стала паўнавартасным медыя з навінамі, з аналітыкай высокага ўзроўню. Наведвальнасць узрасла разы ў два.

Калі б не Kyky, я б не пазнаёміўся з Міхаілам Мясніковічам, якога мы аднойчы зацягнулі да сябе ў рэдакцыю. Гэты прыклад і іншае, што там адбываецца, дэманструе — усё магчыма.

Можна казаць шчыра, адкрыта, смела, нічога не баючыся. Можна не проста ствараць інфармацыю, а пэўным чынам спрабаваць уплываць на думкі людзей. Наводзіць іх на тэмы, пра якія варта задумвацца і якія трэба абмяркоўваць. Вось чым важнае, на маю думку, Kyky.

Што мне запомніцца на ўсё жыццё, дык гэта крызіс, які мы перажылі год таму, калі нас забараняла Мінінфармацыі. Мы былі першым інфармацыйным сайтам, які ўвогуле адключылі ў Беларусі. Затое я зразумеў, што за такі сайт, як Kyky, можа стаць гарой уся журналісцкая супольнасць, якой я вельмі ўдзячны. Шмат сівых валасоў з’явілася ў мяне тады, але гэта таксама было цікава і карысна».

Перад тым, як трапіць у Kyky, Павел працаваў у часопісе «Таймер», яшчэ раней — на «Еўрарадыё». У 2013—2015 гадах вёў праграму «Эканоміка на пальцах» на Tut.by разам з эканамістам Сяргеем Чалым.

«Я ўсё жыццё быў у інфармацыйнай журналістыцы, потым крыху папрацаваў у рэдакцыі часопіса «Таймер», у зусім іншым свеце, і Kyky быў такім арганічным працягам адкрыцця журналістыкі іншай глебы, журналістыкі меркаванняў, а не фактаў. Як аказалася, гэта вельмі цікава, — кажа Павел. — Мне вельмі падабалася і падабаецца цяпер, што Kyky — гэта такое моднае медыя. Яно запатрабаванае, заўжды ёсць зваротная сувязь. Ёсць СМІ, якія сціпла робяць сваю працу. А ёсць медыя, якія працуюць на тое, каб быць моднымі і запатрабаванымі. Я папрацаваў у першых і зразумеў, што і другому таксама трэба надаваць увагу».

Цяпер на Паўла сыплюцца прапановы ад працадаўцаў. І адна з першых была ад… «Аліварыі».

«Яны прапанавалі мне папрацаваць у піяры. Я не пагадзіўся, бо не п’ю. Калі б піў, то цалкам магчыма, што ўжо працаваў бы на «Аліварыю». Але пакуль што не. Думаю, застануся ў журналістыцы і надалей. Ва ўсякім разе, пакуль не пачну піць», — жартуе Павел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?