Верхнядзвінскія міліцыянты 10-ы дзень шукаюць двух зніклых падлеткаў з аграгарадка Сар'я, паведамілі ў прэс-службе УУС Віцебскага аблвыканкама.

«Двое сяброў 15 і 16 гадоў, якія не адрозніваюцца прыкладнымі паводзінамі, раней знаходзіліся на ўліку ў ІСН, з 17 верасня не паказваліся дома. Бацькі аднаго з хлопцаў, першакурсніка Полацкага дзяржаўнага прафліцэя будаўнікоў Паўла Кротава, забілі трывогу 26 верасня. Сям'я з ліку няўдалых: яны лічылі, што дзіця дзесьці загуляла. Ён з самага пачатку навучальнага года не паказваўся на занятках. Міліцыянты прыступілі і да вышуку сябра Паўла — Івана Янкоўскага, дзесяцікласніка Сар'янскай школы. Хаця яго бацька падаў заяву толькі ўчора», — растлумачыў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення крымінальнага вышуку УУС Ігар Малькоў.

Абодва падлеткі не раз сыходзілі з дому, але ніколі на такі доўгі тэрмін. Пры сабе ў хлопцаў няма мабільных тэлефонаў, ніхто з сяброў і знаёмых з імі не звязваўся і не бачыў з самага дня знікнення.

Прыкметы Паўла Кротава: рост 170 см, хударлявага целаскладу, кароткія цёмна-русыя валасы, шэрыя вочы. З асаблівых прыкмет - татуіроўка з абрэвіятурай А.С.А.В. на перадплеччы левай рукі. Быў апрануты ў куртку шэрага колеру з серабрыстымі ўстаўкамі на рукавах, сінія джынсы, карычневыя красоўкі.

Прыкметы Івана Янкоўскага: рост 165 см, хударлявага целаскладу, кароткія русыя валасы, шэра-блакітныя вочы. Асаблівых прыкмет не мае. Быў апрануты ў чорную куртку з белымі ўстаўкамі, сінія джынсы з аранжавымі ўстаўкамі, белую майку, абуты ў бела-зялёныя красоўкі. Пры сабе меў цёмны заплечнік.

Міліцыя просіць усіх, каму што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне хлопцаў або пра абставіны іх знікнення, паведаміць у Верхнядзвінскі РАУС (па тэлефонах 8 (02151) 5-32-84, 5-07-26 — аддзяленне крымінальнага вышуку, 8 (02151) 5 -32-02, 514-11-85 (МТС), 310-39-02 (velcom) — дзяжурная частка) альбо па тэлефоне 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?