Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда ў адкрытым лісце Папу рымскаму просіць кіраўніка каталіцкай царквы абмеркаваць адмену вышэйшай меры пакарання з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта праваабаронца паведаміў на прэзентацыі 5 кастрычніка сумеснага даклада праваабарончага цэнтра «Вясна» (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003 годзе) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».

«Рэспубліка Беларусь з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе на практыцы выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, — гаворыцца ў лісце Палуды. — Я і мае калегі на працягу доўгіх гадоў прыкладаем усе магчымыя намаганні для таго, каб такі варварскі від пакарання стаў гісторыяй на еўрапейскім кантыненце. На жаль, толькі нашых намаганняў пакуль недастаткова… Звяртаюся да Вас па дапамогу».

Далей Палуда просіць Папу падняць пытанне адмены смяротнай кары пры сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас магчымага візіту пантыфіка ў Беларусь.

«Пасля асабістай сустрэчы з Вамі, якая адбылася ў маі 2016 года, Лукашэнка заявіў, што ён з Вамі вельмі блізкі ідэалагічна, што ў вас аднолькавыя прынцыпы і погляды на светаўладкаванне, развіццё. Я з вялікай надзеяй успрыняў гэтую інфармацыю», — адзначыў Палуда, дадаўшы, што Папа, як і каталіцкая царква ў цэлым, з'яўляецца праціўнікам смяротнага пакарання.

Праваабаронца патлумачыў, што ён і яго калегі выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб Беларусь пайшла па шляху цывілізаваных краін і спыніла практыку расстрэлу грамадзян. Ліст, паводле слоў Андрэя Палуды, Папу перадала Людміла Чыкунова — вядомая праціўніца смяротнага пакарання. Яе сын быў незаконна прыгавораны да расстрэлу ва Узбекістане.

Адзначым, што раней петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі падпісалі такія вядомыя асобы, як музыканты Ларын, Стынг, Лявон Вольскі, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч і іншыя.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. З 1991 года па прысудах было расстраляна больш за 400 чалавек. Вядомы толькі адзін выпадак, калі асуджанага на смерць памілаваў прэзідэнт. Пакаранне ў гэтым выпадку было замененае на працяглы тэрмін пазбаўлення волі.

На гэты момант смяротнай кары чакаюць чатыры зняволеныя: жыхар Лідскага раёна Іван Кулеш (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве трох прадаўшчыц), жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі), жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве трох суседзяў ), жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве і згвалтаванні дзвюх калегаў). Прыгаворы ў дачыненні да названых асоб набылі моц і могуць быць выкананыя ў любы момант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?