Узровень дамоўленасці Беларусі аб новай праграме з МВФ вельмі высокі і імавернасць хуткага завяршэння перамоў высокая. Пра гэта TUT.BY заявіла крыніца, знаёмая з ходам перамоў.

«Я б не драматызаваў (нядаўнія заявы кіраўніка Беларусі аб сумневах ў мэтазгоднасці праграмы). Мы знаходзімся на вельмі прасунутай стадыі перамоў. Да прыкладу, куды больш прасунутай, чым Украіна. І гэты шлях мы маем намер прайсці да канца», — адзначыў суразмоўца.

Паводле дадзеных крыніц, у Вашынгтоне, дзе цяпер праходзіць штогадовы сход МВФ і Сусветнага банка і дзе прысутнічае беспрэцэдэнтна прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, у якую ўваходзяць першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі, кіраўнік Нацбанка Павел Калаур, першыя намеснікі эканамічных міністэрстваў, тут Беларусь і МВФ гатовы былі заявіць пра тое, што праграма ўзгодненая на ўзроўні экспертаў, гэта значыць фактычна гатовая да падпісання.

«Але асобныя калегі аказаліся не гатовыя паглыбіцца, — дыпламатычна патлумачыла крыніца прычыну таго, што гэтая заява адкладзеная. — Магчыма, занадта мала часу прайшло з моманту завяршэння працы місіі Фонду ў Беларусі (яна скончылася ў пятніцу, 30 верасня)».

Суразмоўца таксама падкрэсліў, што многія пераўтварэнні, прадугледжаныя праграмай, якую МВФ можа падтрымаць фінансава, ужо выкананыя, і было б нелагічна на гэтай стадыі прыпыняць супрацоўніцтва.

Нагадаем, Беларусь праводзіць перамовы з МВФ наконт выдзялення крэдыту ў памеры 3 мільярдаў даляраў. Міжнародны валютны фонд гатовы вылучыць гэтую суму Беларусі, але настойвае на павышэнні тарыфаў у ЖКГ і грамадскім транспарце, лібералізацыі цэн, правядзенні гнуткай курсавой палітыкі, павелічэнні долі прыватнага сектара, скарачэнні фінансавання дзяржпраграм, рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў, ліквідацыі перакрыжаванага субсідавання.

Аляксандр Лукашэнка рэзка адрэагаваў на ўмовы МВФ. 3 кастрычніка на нарадзе з урадам ён заявіў, што пры абмеркаванні новай крэдытнай праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам неабходна, безумоўна, улічваць інтарэсы беларускага народа.

«Калі патрабаванні МВФ прачытаеш, усё зводзіцца да аднаго: ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на ўдушэнне народа. Я не хачу сказаць, што нас хто-небудзь хоча задушыць. Нас ніхто не панукае, але, на жаль, формула такая, — сказаў Лукашэнка. — Жабракамі беларускі народ мы рабіць не маем права».

Беларусь атрымала папярэдні крэдыт МВФ на 3,5 млрд даляраў у 2009-2010 гадах і ўжо па ім разлічылася. Новую праграму з МВФ на 3 млрд даляраў беларускі ўрад пачаў прадметна абмяркоўваць летась пасля пацяплення адносінаў Мінска з Захадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0