А 10:00 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе над Эдуардам Пальчысам пачнецца закрыты працэс, пра які ягоная жонка Вікторыя напісала: «Шоу не будзе». Хаця я мяркую, што беларускае дзяржава робіць усё мажлівае, каб шоу было — мы толькі павінны ініцыятыву гэтую падтрымаць.

Закрытым судом мяне судзілі ў 2006-м годзе. Гэта быў суд ці не па адзіным палітычным артыкуле ў нашай краіне — 193.1 альбо «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі». Суд, як цяпер памятаю, быў вясёлы — пад вокнамі скандавала дэманстрацыя, а судзьдзя з пракурорам з вока на вока пераконвалі мяне, які я небясьпечны для Бацькаўшчыны індывідум. Я шчэ ня быў такі дасьведчаны ў крымінальных разборках і на паседжаньні нешта спрабаваў судзьдзі даказваць: у апошнім слове зачытваў Біблію, заклікаў да сумленьня і розуму. Пракурор «учитывая социальную опасность преступника» з двух мажлівых гадоў прасіў даць мне два.

Пастанова суда, памятаецца, была ня менш феерычная. Так у адным абзацы пералічвалася віна: «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт», якая ставіць за мэту выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў», а ў другім абзацы робіцца выснова: «учитывая социальную опасность преступника и личность абвиняемого — полтора года». Хоць ніхто і не задумаўся, што «лічнасьць» у мяне да 2006 года была вельмі нават прыстойная — я па 12 гадзін працаваў на рынку і ў вольны ад працы час арганізоўваў мірныя акцыі, пасьля якіх мяне мірна насілі ў аўтазак. Але, якое гэта было шоу — нічога не ўлічылі!

Тым часам беларускую моладзь «выхоўваюць» расейскія неанацысты.

Жарты жартамі, але калі разважаць лагічна, то і цяпер цяжка разабрацца, для чаго тады рэжым спрабаваў учыніць такую зачыстку з ганебнымі судзілішчамі па ўсёй краіне. Але лагічна ў карнай сыстэме ніхто не разважае. Разважаюць адной адзінай сваёй рэпрэсіўнай зьвілінай: задушыць, зьнішчыць, спыніць любае іншадумства. Яны думалі, што закрыюць мяне і дзейнасьць Маладога Фронту тут жа пасыплецца.

І хоць мяне закрылі ў самай праверанай зоне — шклоўскай, рэжым паймеў адваротны вынік — Малады Фронт быў на адным са сваіх уздымаў. Нягледзячы на дзясяткі крымінальных справаў «за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» моладзь працягвала працу, а цягам суду нада мною і іншымі маладафронтаўцамі 1500 чалавек паставілі свой подпіс пад заявай: «Я — маладафронтавец», чым кожны падпісант сьведчыў: судзіце гэтых — судзіце і ўсіх нас.

Зміцер і Наста Дашкевічы пасля вызвалення Змітра з Гродзенскай турмы.

Зміцер і Наста Дашкевічы пасля вызвалення Змітра з Гродзенскай турмы.

Гледзячы на ўсё гэта карная сыстэма задумалася і назаўжды спыніла ўжываць супраць грамадзка-палітычных актывістаў артыкула 193.1, які, дэ-факта, знаходзіцца цяпер пад негалосным мараторыем. І ўсё гэта дзякуючы самаахвярнасьці маладафронтаўцаў і тых, хто праявіў салідарнасьць пад час судоў.

Сёньня ж рэжым спрабуе спыніць тых, хто на галоўным фронце барацьбы — інфармацыйным. І гэта ня дзіва, бо ня намі ж, а самім жыцьцём даказана: «хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам». Эдуард Пальчыс вельмі добра валодаў інфармацыяй, так добра, што форумныя боты пераконвалі адзін аднаго, што 1863х.com — гэта праект дзярждэпа, а на імя Джон Сільвер працуе адмысловы адзьдзел ЦРУ. Калі я запытваў Эдуарда, як той усё гэта пасьпявае, той адказваў: «Жонка варыць есьці, а я пішу». Я быў перакананы, што гэта жарт і далей не распытваў. Цяпер жа я сапраўды ведаю, што так і было — Эдуард пісаў па вечарох, калі Вікторыя гатавала вячэру. І вось на аднаго чалавека, які прымусіў трымцець усе спэцслужбы цэлай «пятай імпэрыі, што падымаецца з кален», уся імпэрыя і абрынулася.

Усе мы, тыя, хто застаўся на волі павінны дамагчыся адваротнага выніку — Эдуардава слова павінна загучаць яшчэ галосьней, ягоныя артыкулы павінны перачытваць мільёны ва ўсіх кутках былой імпэрыі зла, ягоны сайт 1863х.com павінен трашчаць ад наплыву ахвочых напіцца праўды!

Давайце 14 кастрычніка а 10 ранку падыдзем да Менскага гарадзкога суда (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) і дапаможам рэжыму зрабіць шоу, якое яны так доўга рыхтавалі, але паказаць, чамусьці, хочуць аднаму толькі Эдуарду. Мы ж павінны паказаць яго ўсяму сьвету. На шоу мы пачнем збор подпісаў пад адным з артыкулаў Джона Сільвера, пад якім кожны ахвочы зможа паставіць сваё імя і прозьвішча, тым самым засьведчыўшы: кожны з нас — Джон Сільвер, хочаце пасадзіць — садзіце ўсіх. Яны захацелі шоу? Шоу будзе!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?