«Беларуськалій» і яго трэйдар Беларуская калійная кампанія (БКК) выдаткавалі за год на прасоўванне сваіх інтарэсаў на амерыканскім рынку больш за 0,5 млн даляраў. Гэта вынікае са справаздачнасці, якая публікуецца ў адпаведнасці з законам аб рэгістрацыі замежных агентаў (FARA), які быў прыняты ў 1938 годзе.

Кіраўнікі «Беларуськалія» Іван Галаваты і БКК Алена Кудравец (на фота справа) за апошні год правялі некалькі сустрэч з прадстаўнікамі профільных камітэтаў Сената і Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

Гэты дакумент абавязвае раскрываць інфармацыю аб сваёй дзейнасці ўсе арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы замежных кампаній у палітычнай і квазіпалітычных сферах ЗША. Арганізацыі павінны даволі падрабязна распісваць крокі па лабіраванні інтарэсаў сваіх замежных кліентаў.

Як паведамляе выданне Politico, у апошнія час Беларусь, Азербайджан і Таджыкістан значна павялічылі выдаткі на прасоўванне сваіх інтарэсаў у ЗША. У якасці прыкладу прыводзіцца гісторыя з «Беларуськаліем» і БКК.

З лета мінулага года інтарэсы беларускіх калійшчыкаў на амерыканскім рынку стала прадстаўляць адна з найбуйнейшых у ЗША юрыдычных кампаній Greenberg Traurig. Яна ажыццяўляе на карысць беларускіх кампаній кансультаванне пры зменах, якія рыхтуюцца ў амерыканскім заканадаўстве, а таксама інфармаванне ўрада і лідараў меркаванняў датычна гэтых прадпрыемстваў і калійных угнаенняў. У справаздачнасці даволі падрабязна распісаныя сустрэчы прадстаўнікоў юрыдычнай кампаніі з кангрэсменамі, скіраванне чыноўнікам запытаў і зваротаў. Іх матыў пазначаны як «сумленны гандаль і канкурэнцыя на рынку калійных угнаенняў у ЗША».

Паводле дадзеных FARA, за 6 месяцаў з лістапада 2015 года па красавік 2016 га «Беларуская калійная кампанія» заплаціла больш 298 тысяч даляраў. А «Беларуськалій» — больш як 139 тысяч даляраў.

У жніўні 2015 года БКК заключыла з піяр-агенцтвам Sanitas International гадавы кантракт. У адпаведнасці з ім Sanitas абавязалася аказваць кансультацыйныя паслугі па ўзаемадзеянні са СМІ і правядзенні тлумачальна-інфармацыйнай кампаніі для абароны інтарэсаў БКК, фармавання станоўчага іміджу кампаніі і беларускага калію ў ЗША. Пры неабходнасці Sanitas павінна дзейнічаць пры пастаяннай каардынацыі з Greenberg Traurig, сказана ў дакуменце. Кошт паслуг Sanitas — 25 тысяч даляраў у месяц.

Нагадаем, што вясной-летам мінулага года група амерыканскіх палітыкаў на чале з кангрэсменам-рэспубліканцам Стывам Пірсам актыўна дамагалася ўвядзення санкцый у дачыненні да «Беларуськалія» і БКК. У Кангрэс ЗША нават быў унесены адпаведны законапраект.

У дзеяннях амерыканскіх заканадаўцаў БКК угледзеў «лабіраванне інтарэсаў іншых вытворцаў». У прыватнасці, «вытворца калію з Нью-Мексіка, Intrepid Potash, толькі ў першым квартале ажыццявіў плацёж у памеры 440 тысяч даляраў за паслугі кампаніі Hogan Lovells US LLP па лабіраванні сваіх інтарэсаў у Кангрэсе ЗША». У БКК заявілі, што «не меркавалі, што канкурэнты будуць выкарыстоўваць палітычнае запалохванне для вырашэння звычайных рынкавых задач».

Як бы там ні было, паводле дадзеных Politico, неўзабаве пасля ініцыятывы Пірса беларускія калійшчыкі сталі супрацоўнічаць з амерыканскімі GR-спецыялістамі (эксперты па сувязях з дзяржаўнымі органамі). У выніку ініцыятыва з законапраектам не дайшла да стадыі сур'ёзнага абмеркавання, канстатуе выданне.

У прэс-службе БКК пацвердзілі дакладнасць інфармацыі аб супрацоўніцтве з амерыканскімі лабісцкімі структурамі.

— Прыходзячы на той ці іншы рынак, БКК працуе і жыве па тых правілах, якія прынятыя ў гэтай канкрэтнай краіне. Лабіраванне ў ЗША з'яўляецца эфектыўным сродкам пазіцыянавання для камерцыйных кампаній, і няма ніякіх прычын адмаўляцца ад тых рабочых інструментаў, якія выкарыстоўваюць нашы канкурэнты, — сказала прадстаўнік беларускай кампаніі Ірына Саўчанка. — Злучаныя Штаты — гэта вялікі рынак. Яго сярэдняя ёмістасць складае больш за 8-8,3 млн тон калію ў год, з якіх імпартуецца каля 7,5 млн тон. Як і ўсюды, тут прысутнічаюць свае канкурэнтныя складанасці, палітычныя, культурныя і эканамічныя асаблівасці. Для поспеху на гэтым рынку неабходныя цярплівасць, спакой і здольнасць да адаптацыі.

Што датычыцца паставак БКК у ЗША, то па выніках 9 месяцаў 2016 года кампанія экспартавала на гэты рынак каля 200 тысяч тон калію. За аналагічны перыяд 2015 года было пастаўлена каля 145 тысяч тон беларускіх калійных угнаенняў. У кампаніі не раскрываюць грашовы даход ад гэтых паставак. Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за студзень-ліпень Беларусь экспартавала ў ЗША калійных угнаенняў на суму 16,7 млн даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?