Зборная Францыі нічога ня здолела супрацьпаставіць чэмпіёнам сьвету.
Магчыма, французаў, якія нічым не ўразілі, падкасілі падзеі першага тайму: спачатку атрымаў траўму і пакінуў поле не на сваіх двох Франк Рыбэры, крыху пазьней за фол апошняй надзеі быў выдалены Эрык Абідаль. Пэнальці на 25-й хвіліне рэалізаваў Андрэа Пірла.
На 62-й хвіліне італьянцы падвоілі лік. І зноў са стандарту. З мэтраў трыццаці па варотах біў Дэ Росі, і мяч дзякуючы рыкашэту ад Цьеры Анры праскочыў міма францускага галкіпэра. Італія выйграла 2:0.
Чамусьці многія думалі, што Галяндыя ня будзе напружвацца ў матчы з Румыніяй. Але падапечныя Марка ван Бастэна, як напярэдадні харваты, паказалі, што кожны матч ім важны.
Тут таксама лік 2:0. Клаас-Ян Хунтэлаар і Робін ван Пэрсі забілі галы ў другім тайме.
Турнірнае становішча: Галяндыя – 9, Італія – 4, Румынія – 2, Францыя – 1.
Зборная Італіі ў нядзелю ў чвэрцьфінале згуляе з Гішпаніяй.
А Галяндыя ў суботу – з камандай, што зойме другое месца ў групе D.
Іх супернік вызначыцца ў сераду ў матчы Расея – Швэцыя. Расейцам трэба толькі перамога, каб выйсьці ў наступны раўнд.