На тэлеэкраны. Упершыню за доўгі час кубінскае тэлебачаньне паказала відэакадры, зьнятыя ў часе новай сустрэчы прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса зь Фідэлем Кастра і цяперашнім кіраўніком Кубы Раулем Кастра.

Паводле кубінскага тэлебачаньня, сустрэча працягвалася паўтары гадзіны. Браты Кастра паразмаўлялі з Уга Чавэсам на вольным паветры незадоўга да яго адлёту на радзіму, паведамляе newsru.com. За гутаркай была абмеркаваная праблема наступстваў харчовага крызысу ў сьвеце.

Фідэль Кастра выглядаў схуднелым, аднак заўважна падужэлым пасьля складанай апэрацыі, перанесенай у ліпені 2006 г.

На разьвітаньне Фідэль размаўляў з Чавэсам стоячы. Як і на папярэдніх відэароліках, Кастра быў апрануты ў спартовы касьцюм. Апошні раз Фідэль Кастра зьяўляўся на экранах тэлевізараў 16 студзеня гэтага году.

Нагадаем, што з пасады прэзыдэнта краіны Фідэль Кастра сышоў у лютым 2008 г. пасьля 49 гадоў кіраваньня. Пасьля апэрацыі на кішэчніку, перанесенай у ліпені 2006 году, ён перадаў большую частку сваіх паўнамоцтваў свайму меншаму брату Раулю, які пазьней і заняў пасаду прэзыдэнта.

Паводле newsru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0