Расія наклала вета ў Радзе бяспекі ААН на праект рэзалюцыі па Сірыі, падрыхтаваны Францыяй, паведамляе Reuters.
Фота: прэс-служба Рады бяспекі ААН
Выступаючы на пасяджэнні пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што ні адзін з вынесеных на галасаванне ў Раду бяспекі ААН праектаў рэзалюцыі не будзе прыняты. Ён назваў галасаванне па дзвюх рэзалюцыях па Сірыі «адной з самых дзіўных мізансцэн» у гісторыі Рады бяспекі ААН, паведамляе «РІАН».
У каментары МЗС Расіі, апублікаваным на афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку, гаворыцца, што тэкст рэзалюцыі «груба скажаў рэальнае становішча спраў, насіў палітызаваны, незбалансаваны і аднабокі характар». Масква сцвярджае, што ў праекце віна за эскалацыю канфлікту ў Сірыі ўскладалася на ўлады краіны.
«Пры гэтым рабілася адкрытая спроба, забараніўшы палёты авіяцыі ў раёне Алепа, забяспечыць прыкрыццё тэрарыстам «Джабхат ан-Нусры» і баевікам, якія з імі зліліся, нягледзячы на абавязацельствы дзяржаў—сяброў ААН змагацца з тэрарыстычнай пагрозай усімі наяўнымі сродкамі», — гаворыцца ў паведамленні.
МЗС Расіі таксама сцвярджае, што «гуманітарны крызіс у Алепа быў справакаваны штучна, калі ў жніўні і верасні баевікі адмовіліся прапускаць гуманітарныя канвоі і гразіліся адкрываць па іх агонь». Тым не менш, Масква адзначае «сваю цвёрдую прыхільнасць пошуку доўгатэрміновага палітычнага вырашэння сірыйскага канфлікту» і шкадуе аб няўдалых спробах урэгулявання сірыйскага канфлікту.
У той жа час Рада бяспекі ААН не прыняла і расійскі варыянт рэзалюцыі па Сірыі, перадае Reuters. Праект прапаноўваў усім бакам выконваць расійска-амерыканскія дамоўленасці, якія былі дасягнутыя 9 верасня. Расійскі тэкст атрымаў толькі чатыры галасы ў падтрымку, 9 краін выказаліся супраць і дзве краіны ўстрымаліся.
Раней прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд папярэдзіў пра наступствы, якія ўзнікнуць у выпадку непрыняцця рэзалюцыі, падрыхтаванай Парыжам.
«Краіна, якая накладзе вета на гэтую рэзалюцыю, будзе дыскрэдытаваная ў вачах усяго свету. Яна будзе несці адказнасць за бясчынствы, якія працягваюцца», — прыводзіла словы Алянда газета Le Figaro.
Агенцтва перадае, што гэта ўжо пяты раз, калі Расія наклала вета на рэзалюцыі па Сірыі. Папярэднія чатыры разы пазіцыя Масквы была падмацаваная Кітаем, аднак у гэты раз Кітай устрымаўся ад галасавання. Усяго за праект рэзалюцыі прагаласавалі 11 з 15 сяброў Рады бяспекі.