Не менш за 18 чалавек, у тым ліку 10 ваеннаслужачых, загінулі ў Турцыі пры выбуху замініраванага аўтамабіля ля кантрольна-прапускнога пункта на паўднёвым усходзе краіны. Паводле слоў прэм'ер-міністра Біналі Йылдырыма, быў падарваны грузавік з пяццю тонамі выбухоўкі. Раненні атрымалі яшчэ 27 чалавек.
Выбух адбыўся ў горнай мясцовасці на мяжы з Іракам і Іранам, у якой актыўна дзейнічаюць курдскія сепаратысты з групоўкі «Рабочая партыя Курдыстана» (РПК), у КПП «Дурак».
Пакуль ні адна групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за гэты напад.
У заяве турэцкага войска гаворыцца, што выбух адбыўся ў 09:45 па мясцовым часе.
Паводле слоў губернатара правінцыі Хакары, нападнікі спачатку адкрылі агонь па ваеннаслужачых, а затым падагналі да КПП аўтамабіль і ўзарвалі яго.
У выніку адноўленых сутыкненняў паміж арміяй Турцыі і баевікамі РПК за апошні год на паўднёвым усходзе Турцыі загінулі сотні чалавек. Анкара адмаўляецца праводзіць любыя перамовы з РПК да таго часу, пакуль групоўка не складзе зброю.