Суд Цэнтральнага раёна Менска 25 кастрычніка пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да матацыкліста, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 363 КК і ч. 2 арт. 317 КК. Пра гэта паведаміла памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.

Паводле дадзеных следства, 18 красавіка гэтага года на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Незалежнасці кіроўца матацыкла Suzuki Bandit наўмысна выехаў на трамвайныя шляхі на забараняльны сігнал святлафора, чым блакаваў рух грамадскага транспарту. Падышоўшы да кіроўцы, супрацоўнік ДАІ запатрабаваў заглушыць рухавік і прад'явіць дакументы. Матацыкліст паспрабаваў уцячы, пачаў рух на забараняльны сігнал святлафора. Пры гэтым кіроўца пацягнуў за сабой інспектара, які спрабаваў яго спыніць. Матацыкл выехаў на скрыжаванне, дзе сутыкнуўся з які аўтамабілем інкасатарскай службы Volkswagen Transporter.

У выніку ДТЗ супрацоўніку міліцыі былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні. Ён перанёс некалькі аперацый, у тым ліку трэпанацыю чэрапа. На працягу паўтара месяца знаходзіўся ў коме.

На падставе сабраных доказаў кіроўцу матацыкла выстаўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі) і ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Ён знаходзіцца пад вартай.

Абвінавачваны 1985 года нараджэння прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці больш за паўсотні разоў з 2007 года. З іх 15 раз — за парушэнне хуткаснага рэжыму, пяць — за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні транспартнага сродку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?