Студэнты МІПСА паведамілі, што сёння раніцай Уладзіслава Казакевіча, які з бензапілой і сякерай напаў на наведвальнікаў ГЦ «Еўропа», прывозілі ва ўніверсітэт.

Фота відавочцаў

— Было каля 9.20, скончылася першая пара, — распавядае адна са студэнтак. — Са старога корпуса, дзе мы займаемся, я пайшла ў галоўны — у шапік. Цэнтральны ўваход галоўнага корпуса быў зачынены, і ахоўнік паказаў, што трэба ісці ў абход. Я не ведала, што адбываецца, але каля КПП ужо сабралася шмат людзей. Я збегала ў шапік, а калі вярталася, убачыла, як вядуць Улада. Ён ішоў, апусціўшы галаву ўніз. Побач — людзі ў чорным.

Па словах студэнткі, людзі ў натоўпе абмяркоўвалі, што гэта следчы эксперымент. Уладзіслаў паводзіў сябе спакойна, дзеліцца назіраннямі суразмоўца, на руках кайданкі, у руцэ — папяровая сякера.

— Я бачыла, як ён ішоў у курылку, дзе звычайна збіраецца шмат людзей. Потым распавядалі, што яго павялі ў шостую аўдыторыю. Там у суботу ў групы Улада павінны былі праходзіць пары.

Натоўп каля КПП універсітэта. Фота відавочцаў

— Якая абстаноўка цяпер ва ўніверсітэце?

— Напружаная, страшна хадзіць на заняткі. Ці сталі студэнты з-за гэтага прапускаць заняткі? Думаю, не. У нашай групе, напрыклад, цяпер прагульваюць толькі тыя, хто і раней прагульваў. Жыццё ж працягваецца, толькі куратары правялі прафілактычныя гутаркі. Сказалі, што трэба быць пільнымі.

Аператыўна атрымаць каментар у Следчым камітэце пра тое, навошта затрыманага прывозілі ў ВНУ, не ўдалося. Раней у праваахоўных органах распавялі, што ў кастрычніку гэтага года ён меў намер здзейсніць аналагічнае дзеянне па месцы вучобы, аднак не давёў свой намер да канца па не залежных ад яго прычынах. Магчыма, па гэтай прычыне ў ВНУ быў арганізаваны следчы эксперымент.

Нагадаем, гэтым летам Уладзіслаў Казакевіч паступіў на юрыдычны факультэт універсітэта «МІПСА». Аднак 3 кастрычніка з-за пропускаў яго адлічылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?