Мантаж замененага корпуса рэактара АЭС пад Астраўцом будзе пачаты не раней чым у канцы 2016 года, паведаміў журналістам 11 кастрычніка ў Мінску на адкрыцці Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.

Паводле яго слоў, у завадскіх умовах заканчваецца выпрабаванне другога корпуса рэактара і ў кастрычніку ён павінен быць адпраўлены на будаўнічую пляцоўку. «Мы плануем яго выкарыстоўваць для мантажу на першым энергаблоку», — сказаў Патупчык.

«Мы павінны былі пачаць мантажныя работы рэактара на першым энергаблоку ў маі. Рэальна зможам пачаць не раней чым у канцы гэтага года. Безумоўна, будуць зрушвацца тэрміны будаўніцтва, але пры гэтым нам трэба шукаць рэзервы, каб кампенсаваць гэта адставанне», — заявіў чыноўнік.

Ён таксама паведаміў, што накіраваў віншаванне новаму кіраўніку «Расатама» (Аляксею Ліхачову). «Упэўнены, што мы працягнем канструктыўнае супрацоўніцтва з вядучай карпарацыяй свету ў рамках найважнейшага інвестыцыйнага праекта для Беларусі — атамнай станцыі», — сказаў міністр.

Змена тэрмінаў уводу атамнай станцыі звязана з інцыдэнтам, які адбыўся на будпляцоўцы 10 ліпеня. Падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Расійскі бок заявіў пра гатоўнасць замяніць пашкоджаны корпус.

Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом, за 50 км ад Вільнюса, будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020-ты.

Літва выступае з крытыкай будаўніцтва БелАЭС, заяўляючы, што беларускі бок не забяспечвае ў належнай меры бяспеку праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?