Больш за месяц малады бусел жыве на пляцоўцы каля дзіцячага садка вёскі Вясёлка Веткаўскага раёна. Птушка нікуды не ляціць і прымае за суродзіча штучны макет свайго субрата. У раённых службах на тэлефаванні жыхароў разводзяць рукамі і адказваюць, што не ведаюць, як дапамагчы ў гэтай сітуацыі.

Жыхар вёскі Уладзімір, які даслаў фатаграфіі на гарачую лінію TUT.BY, кажа, што бусел позна вывеўся з гнязда. Гэта і перашкодзіла яму паляцець разам з астатнімі птушкамі ў вырай — ён застаўся ў вёсцы.

— Ён чахне, замярзае на вачах у дзяцей. Стаіць і паволі памірае. Я тэлефанаваў у гомельскі Інстытут МНС, адзін час яны падбіралі дзікіх жывёл і птушак. Але там сказалі, што ў іх прайшла рэарганізацыя, і зараз гэтага зоакутка ўжо няма. Нам прапанавалі звярнуцца ў заапарк у Акцябрскім, але хто па бусла паедзе праз усю вобласць? — распавядае спадар Уладзімер.

Забраць птушку дадому не атрымоўваецца - бусел нікога да сябе блізка не падпускае. Але нават калі яго злавіць, то Уладзімір не ведае, як правільна выхадзіць птушку.

— Я б яго сабе забраў у двор, але ён жа не курыца і не голуб. Яму збожжа не насыплеш, за ім зусім іншы догляд патрэбны. Аднойчы яго ўдалося злавіць, аддалі камусьці з вясковых, але бусел збег. Вярнуўся на ранейшае месца, да дзіцячага садка.

У дзіцячым садзе таксама без шкадавання на бусла глядзець не могуць — абтэлефанавалі ўсіх каго можна, але пакуль безвынікова.

- Нашы службы прыехалі, паглядзелі, сфатаграфавалі. Сказалі, будзем думаць, але пакуль нічым яшчэ не дапамаглі. Могуць скласці акт, калі мы будзем яго кудысьці перадаваць. Валанцёры, якім мы тэлефанавалі, дапамагчы таксама не могуць - кажуць, што працуюць толькі з катамі і сабакамі. Дамовіліся з царквой у Гомелі на Рэчыцкім праспекце, у іх ёсць птушыны двор, але трэба злавіць птушку і на нечым адвезці ў абласны цэнтр.

У дзіцячым садзе кажуць, што бусел нікуды не адыходзіць ад іх «бусла». Ноччу хаваецца ў кусты і застаецца паблізу. Ляцець не можа — толькі ўздымаецца на некалькі метраў ад зямлі, як падлётыш, і ўсё.

— Хутка зіма, пахаладае. Шкада, калі птушка загіне …

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?