Учора «Наша Ніва» апублікавала гутарку з папулярным мікраблогерам Максімам Пушкіным, які вядомы сваім жыццёвым песімізмам у твітары, чым сабраў 100-тысячную аўдыторыю. Сёння на гэты конт у сваім фэйсбуку выказаўся аналітык і журналіст Радыё Свабода Віталь Цыганкоў, які ацаніў феномен маладога блогера.

«Дзякуючы НН даведаўся пра існаваньне беларускага хлопца, у якога сто тысяч падпісчыкаў у Твітэры — Максіма Пушкіна.

У прынцыпе, мяне як «чалавека, як журналіста і як аналітыка» заўсёды цікавіць гэты фэномэн — папулярнасьці ў сацыяльных сетках. Ёсьць два віда папулярнасьці. Першая, традыцыйная — калі папулярны чалавек у чымсьці лепшы за мяне. Тут прыхільнасьці публікі мяняюцца з часам — паэты, «фізікі», кінаакторы, спартоўцы, журналісты, бізнэсоўцы. Але прынцып заставаўся нязьменным — папулярныя людзі выдзяляліся ў нейкай сфэры, рабілі нешта, што ня можа рабіць «звычайны» чалавек. Нават «папулярныя блогеры», над якімі неяк прынята сьцябацца, усё ж нечым вылучаюцца — ці пішуць лепш за іншых ці бяруць нейкія незвычайныя тэмы, ракурсы.

Але тут мы маем справу з адносна новай зьявай. Папулярнасьць чалавека «такога ж як я». То бок папулярнасьць не за «нешта», а за «нішто». Ён нічым ня лепшы, не разумнейшы, не ярчэйшы за іншых. І гэта прыцягвае народ. Кожны ягоны падпісчык, магчыма, глядзіць на допісы кшталту «Сёньня кепскае надвор'е» альбо «я стаміўся» — і думае «І я так магу!» Да таго ж над такім пэрсанажам прасьцей сьцябацца. Ніхто ж не лічыць сябе лепшым футбалістам за Мэсі, але кожны чытач умоўнага Максіма Пушкіна лічыць сябе разумнейшым за яго.

І адна парада да Максіма (перадайце хтосьці, хто набліжаны да зоркі). У інтэрвію НН найбольшую маю ўвагу прыцягнуў гэты пасаж — «Не чытаю кніг, няма на гэта часу, хаця вельмі хачу знайсці яго ці перайсці на аўдыёкнігі».

Максім, ня трэба! Ня трэба чытаць кнігі! Калі ты гэта пачнеш — ты абавязкова зьменішся! Ты ўжо ня зможаш пісаць такія простыя твіты, як пішаш зараз. Кнігі — гэта зло, яны прымушаюць думаць і сумнявацца. Табе гэта трэба?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0