Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненне аб партнёрстве ў сферы мабільнасці. Сумесная дэкларацыя, якая вызначае аснову будучага супрацоўніцтва ў сферы міграцыі і мабільнасці, падпісаная 13 кастрычніка ў Люксембургу ў рамках сустрэчы Савета па юстыцыі і ўнутраных справах ЕС.

Дакумент падпісалі еўракамісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулас, міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, а таксама міністры, адказныя за пытанні міграцыі ў сямі краінах ЕС, якія ўдзельнічаюць у праекце «Партнёрства для мабільнасці» (Балгарыя, Румынія, Польшча, Венгрыя, Фінляндыя, Латвія і Літва), паведамляе прэс-служба Савета ЕС.

«Запуск «Партнёрства для мабільнасці» — важны крок на шляху да ўмацавання супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза і Беларусі ў сферы міграцыі, прадастаўлення прыстанішча і кіравання межамі. Калі ЕС хоча паспяхова адказваць на выклікі, звязаныя з міграцыяй, нам таксама належыць актывізаваць супрацоўніцтва з важнымі краінамі-суседзямі, такімі як Беларусь», — сказаў еўракамісар Аўрамопулас.

Міністр унутраных спраў Славацкай Рэспублікі Роберт Каліняк адзначыў, што «Партнёрства для мабільнасці» паспрыяе супрацоўніцтву экспертаў па міграцыі, прыстанішчы і кіраванні межамі і ўнясе свой уклад у далейшае ўмацаванне адносін бакоў у сферы ўнутраных спраў. «Гэта добры крок наперад у нашых адносінах, бо яно зблізіць грамадзян Беларусі і ЕС», — падкрэсліў ён.

«Партнёрства для мабільнасці» паміж ЕС і Беларуссю ўстанаўлівае шэраг палітычных задач, а таксама вызначае галіны далейшага дыялогу і супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю з мэтай забяспечыць як мага больш эфектыўнае кіраванне міграцыйнымі патокамі.

«Беларусь нязменна дэманструе намаганні па эфектыўным кіраванні межамі і супрацьдзеянні трансгранічным сеткам, якія ўдзельнічаюць у гандлі людзьмі і кантрабандзе мігрантаў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — У рамках «Партнёрства для мабільнасці» будуць прыняты меры для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферах законнай і працоўнай міграцыі, прадастаўлення прыстанішча і абароны бежанцаў, у сферы прафілактыкі і процідзеяння нерэгулярнай міграцыі, у тым ліку кантрабандзе мігрантаў і гандлю людзьмі, а таксама для максімізацыі станоўчага ўплыву міграцыі і мабільнасці».

Як адзначаецца ў паведамленні, Беларусь і ЕС завяршылі перамовы па тэксце пагаднення 1 чэрвеня 2015 года. На сённяшні дзень такія пагадненні ў ЕС ужо дзейнічаюць з Малдовай (2008), Каба-Вердэ (2008), Грузіяй (2009), Арменіяй (2011), Азербайджанам (2013 года), Марока (2013), Тунісам (2014) і Іарданіяй (2014 ).

«Партнёрствы для мабільнасці» даюць гібкія рамкі, якія не маюць абавязковай юрыдычнай сілы, для таго, каб кіраванне перамяшчэннем людзей паміж ЕС і трэцяй краінай магло ажыццяўляцца эфектыўна.

Нароўні з дамовамі аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, перамовы па якіх усё яшчэ працягваюцца, «Партнёрства для мабільнасці» будзе ключавым інструментам развіцця супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў сферы міграцыі і пашырэння мабільнасці грамадзян ЕС і Беларусі ў добра кіраваных і бяспечных умовах.

У 2015 годзе колькасць пададзеных у Беларусі хадайніцтваў аб выдачы шэнгенскіх віз дасягнула 752 тысяч 782. Найбольшую колькасць хадайніцтваў атрымліваюць Польшча і Літва. Менш хадайніцтваў атрымліваюць Латвія, Германія, Італія і Эстонія. Беларусь — краіна з найбольшай у свеце колькасцю выдадзеных шэнгенскіх віз на душу насельніцтва і адна іх краін з найменшым працэнтам адмовы ў візах, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле дадзеных Еўрастата аб дазволах на жыхарства, у 2015 годзе 140 тысяч 962 грамадзяніны Беларусі пражывалі ў ЕС. Большасць з іх пражывалі ў Польшчы (80.889), Германіі (18.140), Італіі (9.094), Літве (6.188) і Чэшскай Рэспубліцы (4.964).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?