Наталля Нікандрава ўзначальвае Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, створанае 5 гадоў таму.

Мэта агенцтва — усяляк спрыяць прамым замежным інвестцыям у Беларусь: ствараць бізнэс-вобраз краіны за мяжой, весці перамовы з інвестарамі і ўладамі, аказваць падтрымку ахвотным укласці грошы і, уласна, шукаць такіх.

Што цікава — Нікандрава прыйшла на дзяржслужбу з прыватнага прадпрыемства. Шэсць гадоў да таго яна займала пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі «Эрнст энд Янг», а перайсці на працу ў апарат яе паклікаў Снапкоў — яшчэ калі ён быў міністрам эканомікі.

Наталля кажа, што тады толькі задумалася, а наважылася мяняць работу трохі пазней — калі сама ўжо мела ўсё, але адчувала недахоп радаснай і багатай краіны навокал.

У заробку, кажа яна, з пераходам страціла больш як у 10 разоў!

«Гэта цікавы досвед, — гаворыць сёння Нікандрава пра сваю работу. — Канечне, калі б у нас было больш магчымасцяў і паўнамоцтваў, можна было зрабіць больш — мы ж не прымаем непасрэдна рашэнняў, маем кансультатыўную функцыю, і любая нашая ініцыятыва можа забуксаваць у вышэйшых кабінетах. Цяжка, канечне, але цікава ў тым плане, што нават зрабіўшы маленькі крок, ты разумеш, колькі намаганняў гэта табе каштавала і якая гэтаму цана».

За час працы агентцва яно наладзіла сувязі толькі па прыватызацыйных праектах з 800 патэнцыйнымі інвестарамі, частка з якіх яшчэ прымяраецца, а частка ўжо ўкладае грошы ў беларускую эканоміку.

Задача агенцтва тут — дапамагчы чужому капіталу знайсці правільнае прымяненне ў Беларусі, каб гэта было выгадна ўсім.

Але інвестыцыі ў Беларусі — гэта няпросты працэс.

Усё пачынаецца з арганізацыі выдачы віз, сустрэч, даследаванняў рынку, кансультацый. Часам, працэс можа займаць пару гадоў.

Без агенцтва да гэтага тэрміну можна было б смела дадаваць яшчэ годзік.

Аднак і пасля некаторым патрабуецца постінвестыцыйная падтрымка ў дыялогу, напрыклад, з уладамі.

У гутарцы з «Нашай Нівай» Наталля Нікандрава звярнула ўвагу на тыповыя праблемы, з якімі сутыкаецца замежны інвестар, прыходзячы ў Беларусь.

«Прычыны запавольвання патоку інвестыцый вядомыя, пра іх інвестары кажуць нам на кожным рагу, — кажа Нікандрава. — Перадусім іх палохае высокая доля дзяржаўнай уласнасці і цяжкасці, звязаныя з канкураваннем з дзяржавай. Тут праблемы вельмі сур’ёзныя — профільныя міністэрствы выконваюць функцыі і рэгулятара, і ўласніка. Гэта сумешчана ў адным ведамстве, і іх трэба ўсё ж падзяліць, бо міністэрствы спрабуюць абараніць рынак ад прыхода канкурэнтаў, каб дзяржаўным прадпрыемствам было лягчэй працаваць, а іх работа мусіць складацца ў развіцці галіны, за якую яны адказваюць».

А вось для таго, каб скараціць долю дзяржавы ў эканоміцы, неабходна праводзіць прыватызацыю, але з агаворкамі.

«Мы не кажам, што трэба хутка ўсё раздаць. Скажам, у Венгрыі ў свой час прадалі да 90% дзяржаўнай маёмасці, нават стратэгічныя актывы, і цяпер тамтэйшы ўрад думае, як гэта ўсё вярнуць назад. Я думаю, што мы мусім пазбягаць чужых памылак, прыняўшы да ўвагі негатыўны досвед. Я асабіста лічу, што трэба падзяліць нашыя прадпрыемствы на тры кшталты: першыя — стратэгічныя, куды аднясём пошту, чыгунку і г.д. — не прадаюцца ўвогуле, другія — у тым ліку і прамысловыя гіганты — прадаюцца з пэўнымі ўмовамі, трэція — стратныя — прадаюцца не азіраючыся альбо ўвогуле ліквідуюцца. Нават Кітай — другая эканоміка свету — сёння ўзяў курс на структурныя рэформы і ліквідацыю стратных «зомбі»-прадпрыемстваў савецкага кшталту. А колькі такіх засталося ў Беларусі? Калі мы гаворым пра зусім стратныя і бесперспектыўныя фабрыкі, то яны не цікавяць інвестараў — такія трэба дарыць у «добрыя рукі», а калі іх не знойдзецца — то ліквідацыя і банкруцтва. Цяпер у свеце такія тэндэнцыі, што жыццяздольнымi будуць толькі тыя, хто не проста паспявае за часам, а яго абганяе. А для большасці дзяржаўных прадпрыемстваў гэта непад'ёмная задача. Трэба наперад прызнаць, што такія прадпрыемствы ніколі не будуць канкурэнтаздольнымі, бо прадпрымальніцтва — гэта прыняцце нестандартных рашэнняў, а як рызыкаваць народнымі грашыма? За гэта можна і адказаць, калі штосьці праваліцца. А прыватнікі рызыкуюць і ідуць наперад — у гэтым вялікая розніца, якая вызначае здольнасць прадпрыемстваў з дзяржаўным капіталам быць канкурэнтаздольнымі».

Таксама чыноўніца мяркуе, што засцярогі росту беспрацоўя пры ліквідацыі стратных прадпрыемстваў абгрунтаваныя, але эканоміка не можа расці без беспрацоўя: маўляў, людзі не развіваюцца, калі ведаюць, што заўсёды могуць знайсці сабе работу і з сённяшнім узроўнем ведаў.

«Дзяржава больш як 80 гадоў выхоўвала людзей у духу «за вас паклапоцяцца» і гарантавала рабочае месца, жыллё. Цяпер іншыя часы — трэба думаць пра сябе самому.

Калі чалавек нічога з сябе не ўяўляе, калі ён не канкурэнтназдольны, яму трэба шукаць іншыя нішы, перавучвацца, пачынаць бізнес. Не абавязкова бізнес з вялікім капіталам — можна пачынаць з простага: гародніну вырошчваць, напрыклад, трусаў ці птушку, займацца рамесніцтвам, шмат магчымасцяў таксама ў сферы экалогіі. Трэба задумацца — мо вашае прызванне ўсё ж не стаяць ля станка за капейкі?

Канечне, чалавеку, які ўсё жыццё працаваў на іншых, цяжка адважыцца на сваю справу, але заручыцеся падтрымкай сяброў і сям’і і спрабуйце. У рынкавай эканоміцы выжывае той, хто ўкладае намаганні ў сваё развіццё, а не стаіць на месцы — гэта нармальная з’ява, так жыве развіты свет».

Агенцтва выдала англамоўную кніжку, у якой кіраўнікі міжнародных кампаній, што пабудавалі бізнес у Беларусі, прэзентуюць нашую краіну праз ежу.

Агенцтва выдала англамоўную кніжку, у якой кіраўнікі міжнародных кампаній, што пабудавалі бізнес у Беларусі, прэзентуюць нашую краіну праз ежу.

Тут жа ж Нікандрава расказвае, да чаго часам прыводзіць неадпаведнасць тутэйшых кадраў патрэбам замежных інвестараў.

«Была сітуацыя ў Оршы — буйная міжнародная кампанія планавала адкрыць філію, куды набраць тысячу чалавек. Вядома, арганізавалі кірмаш вакансіяў у горадзе, прыехалі сур’ёзныя менеджары па падборы кадраў. Вынік — яны зразумелі, што тут ім не адкрыцца, бо не стае кваліфікаванага персаналу. Канечне, гэта не канец гісторыі — сёння яны спрабуюць зрабіць гэта ў іншым горадзе, але інвестараў трэба браць «цёплымі», іначай яны могуць проста перадумаць, бо час — грошы, да таго ж, яны хочуць канкураваць на рынку — ім патрэбны лепшыя».

Таксама чыноўніца расказала, што пакуль яны працуюць над кампрамісным варыянтам плана прыватызацыі ў Беларусі.

«Дзяржаве будзе спакайней, калі будзе разуменне таго, што, дапусцім, прыходзіць інвестар, мы даем яму магчымасць увайсці ў долю — прадаём, скажам, 50% акцый і даём магчымасць купіць астатнія праз два гады, апцыён прапаноўваем, замарожваем кошт акцый, каб і ён і мы паглядзелі, што ў яго выйдзе. То бок, ягоныя абавязкі — унесці інвестыцыі, нашыя — прадаць яму астатнюю частку акцый».

Але Нікандрава прызнае, што хаця гэта і пэўны прагрэс — нават у ацэнках Сусветнага банка — але прысутнасць дзяржавы ўсё ж спыняе інвестара, бо ён сам хоча вырашаць, каго звальняць, што вырабляць і на якія рынкі пастаўляць.

Тут гаворка ідзе ўжо пра патрэбу шырокіх рынкавых рэформаў, бо кропкавыя дэкрэты не працуюць.

«Дзяржава спрабавала вырашаць праблемы маленькіх гарадоў, дзе вельмі ўпалі эканамічныя паказчыкі, выдаўшы дэкрэт №6, які дае льготы тым, хто стварае вытворчасць у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Але трэба казаць шчыра — гэтыя дэкрэты не працуюць, бо інвестыцыйны клімат — паняцце шырокае, і гэтыя льготы — толькі малая частка. Калі ў краіне будуць ажыццёўлены рынкавыя рэформы, толькі тады пачнуцца актыўныя фінансавыя працэсы. Гэта мусіць быць комплекс рэформаў — пра гэта ўжо гаворана-перагаворана. Неабходна зніжаць долю дзяржаўнай уласнасці, разнявольваць усё, што звязана з эканомікай, фінансавым рынкам, рэгуляваннем рынка працы і гэтак далей — на кожным з кірункаў трэба прымаць захады. Што гаварыць, калі кантралюючыя органы бяруць мільён штрафу сёння і не разумеюць, што праз гэта дзяржаўны бюджэт недаатрымае сто мільёнаў заўтра? Некаторыя працэсы ў эканоміцы ўвогуле можна назваць дэстымулючымі — рэгламентацыя дзяржавай усіх аспектаў бізнесу выпрацавала інстынктыўны рэфлекс адрынання. І я не скажу, што ў нас у міністэрствах гэтага не разумеюць. Я часта сустракаюся з рознымі чыноўнікамі і скажу, што там рэальна шмат спецыялістаў у тэме, якія пісьменныя, разбіраюцца, спрабуюць прасоўваць правільныя ідэі, але наколькі яны потым кладуцца на паперы ў выглядзе законаў?

У нас вельмі цяжкая сістэма прыняцца рашэнняў. Мала проста напісаць разумныя прапановы. Каб Мінэканомікі распрацавала закон, трэба яшчэ 30 ведамстваў апытаць, згодныя яны ці не. І абавязкова знойдзецца такое, якому будзе нявыгадны прагрэсіўны закон», — кажа Нікандрава.

Фота з уласнага архіва Наталлі Нікандравай.

Фота з уласнага архіва Наталлі Нікандравай.

Пры гэтым яна лічыць значнай і долю некампетэнтых чыноўнікаў.

«Гэта праблема ўсяго бюджэтнага сектара — туды бяруць тых, хто ідзе, а не каго трэба. Я мяркую, у міністэрствах мусяць працаваць найлепшыя — хай іх будзе 80 чалавек, а не 300, але гэта будуць вяршкі, геніі, якія здольныя генераваць ідэі. Бо сёння ўзровень заробкаў на дзяржаўнай службе не дазваляе прыцягваць спецыялістаў высокай кваліфікацыі — такія калі і ідуць, то па іншай матываці, а іншыя выконваюць тэхнічную работу», — кажа чыноўніца, дадаючы, што і на вышэйшыя пасады трэба пускаць маладых — да 40 гадоў, бо за імі будучыня.

Таксама Нікандрава прыгадала не зусім паспяховыя дзяржаўныя ўкладанні ў цэментныя заводы і дрэваапрацоўку.

«Перад тым як укладацца, трэба ўсё пралічваць. А так — грошы не з тваей кішэні, ты атрымаў указ і ўкладаеш, не разабраўшыся, а што ты збіраешся рабіць? А куды прадаваць? А яно там трэба? Якая будзе доля? Дый каб пасля прасоўваць тавары, трэба мець разуменне, як гэта рабіць, якімі механізмамі карыстацца.

Большасць прыдпрыемстваў увогуле не мае разумення маркетынгавых стратэгій, а сэрвіс — на адсутнасць чаго ў нас традыцыйна пакутуюць — гэта ў свеце ўвогуле да 50% дададзенай вартасці!

Што да замежных інвестыцый, то часам увогуле ў прадпрыемстваў няма ўяўлення, чаго яны хочуць ад інвестара. Кажуць — дайце грошай, мы разбярэмся. А ніхто не дасць! Калі інвестар прыйдзе — ён і будзе вырашаць. А калі вы хочаце грошай — дык ідзіце ў банк па крэдыт, калі вам дадуць.

Кожны кіраўнік баіцца, што стане непатрэбным, бо інвестары самі будуць ведаць, як што рабіць. Але і без таго, бывае, чую скаргі ад якога рацыяналізатара — вось прыйшоў ён на завод з ідэяй ці нават з грашыма, і кажа — давайце тое-тое зробім, ці прадайце мне гэтае. А яму нават прадаць не могуць — то цэны не зацверджаныя, то яшчэ што.

Да абуральных выпадкаў месцамі даходзіць!

Ці прыходзіць да мяне дырэктарка дзяржаўнага прадпрыемства і кажа — мы паміраем, дапамажыце знайсці грошы. Яны там ужо гатовыя ўсім адміністратарскім складам у цэхі перасесці і прадаць частку нерухомасці, але аказваецца, што яна там як мае быць не аформленая для продажу, а каб аформіць — трэба ці не паўмільярда старых рублёў і год часу. Атрымліваецца, дзяржава нават сваім прадпраемствам не можа дапамагчы ў некаторых выпадках».

Тут Нікандрава ўпамінае словы Грэфа, якія той сказаў пасля наведвання Сіліконавай даліны — маўляў, пакуль мы за сняданкам абмяркоўваем, што б інавацыйнага стварыць, кітайцы гэта ўжо прадаюць.

Але, паводле чыноўніцы, інтэлект і інавацыі — гэта акурат наш патэнцыял, таму, пры правільным падыходзе, «кітайцаў» у гэтай цытаце можна смела замяняць на «беларусаў».

«У нас ёсць удалыя прыватныя прадпрыемствы, якія выраслі тут, створаныя нашымі мазгамі і рукамі, і стаўшыя абсалютнымі лідарамі рынку ў сваім сегменце. Гэта «Адані», «Палімайстар», «Гласбел», «Рэгула», ІТ-кампаніі. Нават «Санта-Брэмар» ужо прабілася на еўрапейскі рынак.

«Інтэлектуальны капітал — гэта тое, чым прывабная Беларусь для інвестараў нават пры наяўнасці некаторых хібаў у законах. Гэта тое, чым мы павінны зарабляць. Другое — нашае геаграфічнае размяшчэнне — Беларусь на мяжы двух вялікіх інтэграцыйных аб’яднанняў, з Беларусі можна ахапіць як рынак ЕС, так і ЕАЭС», — мяркуе Нікандрава.

У прыватнасці, яна таксама прапануе стварыць у Беларусі міжнародны фінансавы цэнтр — аналагічны таму, з якога некалі пачаўся эканамічны феномен Сінгапура.

«Міжнародны фінансавы цэнтр — гэта засяроджанне фінансавых інстытутаў, банкаў, фондаў, кампаній, якія аказваюць юрыдычныя, кансалтынгавыя, медыя- і камунікацыйныя паслугі. Такі цэнтр дазволіць выкарыстоўваць наш інтэлектуальны капітал. У Еўропе такім цэнтрам па завядзёнцы быў Лондан, якія генеруе для эканомікі Брытаніі 60 мільярдаў даляраў штогод. Але пасля Brexit’a ягоны перспектывы не ясныя, чаму б нам не стварыць такое ў нас?», — задаецца пытаннем Нікандрава, падкрэсліваючы, што Казахстан, напрыклад, ужо пачаў рэалізоўваць такі праект.

«Тым больш, у нашай краіне захоўваецца пэўная сацыяльная стабільнасць», — падагульніла яна. 

***

Даведка

Наталля Нікандрава нарадзілася ў вёсцы Мачэск Бярэзінскага раёна ў сям'і медыка і афіцэра МУС. Мае дыплом у галіне прыкладной матэматыкі і міжнароднай эканомікі, вучылася ў Лонданскай школе бізнесу. Да прызначэння ў Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызаці працавала ў прыватных фірмах і міжнародных карпарацыях. З 2011 году з'яўляецца сталым членам Кансультацыйнай рады па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Беларусі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?