Стварэнне новых тэхналогій і інтэлектуальных прадуктаў у апошнія гады цесна звязана з развіццём стартап-руху. Новыя паспяховыя стартапы пачалі з’яўляцца і ў Беларусі. 

Адну з найлепшых стартап-экасістэм стварыла Данія. Як маленькая скандынаўская краіна здолела стаць адным з сусветных лідараў стартап-руху, як дзяржава і некамерцыйныя арганізацыі дапамагаюць маладым прадпрымальнікам, якая ў гэтым роля ўніверсітэтаў і што для пабудовы падобнай сістэмы неабходна зрабіць у Беларусі?

Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з Валерыяй Багамольскай, спецыялістам па маркетынгу беларускага стартапа 3NWeb, які выйшаў у фінал прэстыжнага конкурсу University Startup World Cup у Капенгагене.

Каманда беларускага стартапа 3NWeb, якая брала ўдзел у прэстыжным конкурсе University Startup World Cup у Капенгагене.

Каманда беларускага стартапа 3NWeb, якая брала ўдзел у прэстыжным конкурсе University Startup World Cup у Капенгагене.

НН: Валерыя, што можаце распавесці пра праграму 3NWeb? Як паўстала ідэя гэтага праекта?

ВБ: Калі казаць коратка, то 3NWeb быў распрацаваны, каб вырашыць адвечную праблему канфідэнцыяльнасці зносін і захоўвання дадзеных. То бок 3NWeb гэта адначасова і месенджар, i пошта, і воблака. Нават калі якія-небудзь зламыснікі альбо спецслужбы атрымаюць доступ да сервераў, дзе захоўваюцца дадзеныя, яны проста будуць няздольныя іх расшыфраваць.

Ідэйным натхняльнікам і стваральнікам быў Мікалай Бірукоў, выпускнік БДУ, які зараз жыве ў Канадзе. Цяпер 3NWeb — гэта яго асноўны занятак, раней ён працаваў на Blackberry.

НН: Як вы трапілі на University Startup World Cup? І што гэта наогул за конкурс?

ВБ: Я даведалася пра гэты конкурс і прапанавала нашай камандзе паўдзельнічаць. Усё не так складана — трэба было проста зрабіць прэзентацыю праекта, зарэгістравацца ў анлайн-сістэме і чакаць вынікаў адбору.

University Startup World Cup — гэта конкурс для маладых прадпрымальнікаў з усяго свету. Агулам каля васьмі соцень каманд падалі свае заяўкі на ўдзел, але ў фінал выйшлі толькі 50 каманд з 34 краін. І мы таксама былі сярод фіналістаў.

Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найлепшых універсітэцкіх стартапаў, іх падтрымка ў пошуку інвестараў і аднадумцаў. Ну і ў перспектыве для Даніі гэта выдатная магчымасць прыцягнуць да сябе найлепшыя таленты з усіх краін свету.

Арганізатарам з’яўляецца дацкая кампанія Venture Cup, якая з 2000 года супрацоўнічае з усімі дацкімі ўніверсітэтамі і спрыяе ўцягванню студэнтаў у прадпрымальніцтва, а таксама дапамагае ліквідаваць разрыў паміж акадэмічным асяроддзем і бізнэсам. Акрамя міжнароднага University Startup World Cup, Venture Cup арганізоўвае вялікую колькасць конкурсаў для дацкіх студэнтаў.

Удзельнікі дацкага форуму.

Удзельнікі дацкага форуму.

НН: І на што могуць разлічваць пераможцы?

ВБ: University Startup World Cup арганізуецца наступным чынам. Усе стартапы, якія выйшлі ў фінал, падзяляюцца на 6 катэгорый: 1) зялёныя тэхналогіі, 2) індустрыяльная тэхніка і робаты, 3) прыродазнаўчыя навукі і медыцына, 4) mobile&web, 5) сумеснае спажыванне і інтэрнэт-рэчы, 6) Е-сервісы.

З кожнай катэгорыі журы выбірае аднаго пераможцу. 5 пераможцаў атрымліваюць па 5 000 даляраў на каманду, а адзін галоўны пераможца — 25 000 еўра.

Але ўнікальныя магчымасці адкрываюцца не толькі перад пераможцамі. Справа ў тым, што кожны з фіналістаў можа бясплатна паўдзельнічаць у гадавой праграме развіцця. У межах гэтай праграмы кожная з камандаў можа атрымаць экспертную падтрымку з боку ментараў, юрыстаў, фінансістаў і іншых спецыялістаў у аб’ёме, эквівалентным суме 100 000 даляраў.

Дый сам удзел у конкурсе — неацэнны досвед. Гэта проста ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з цікавымі праектамі, інвестарамі з венчурных фондаў і рознымі пасярэднікамі. Фінансаванне стартапаў — гэта не дабрачыннасць з боку дзяржавы і фондаў, а сур’ёзны бізнэс. У Даніі ёсць спецыялізаваныя кампаніі-пасярэднікі, якія займаюцца пошукам інвестараў для новых стартапаў і маюць з гэтага сваю долю. Экасістэма стартапаў пабудавана так, што зарабляюць на гэтым усе.

НН: Хто стаў пераможцам на University Startup World Cup? Чаго не хапіла вам для перамогі?

ВБ: Пераможцам стаў выдатны стартап з Інданезіі Isara. Іх каманда распрацавала платформу, якая можа рабіць пераклады з мовы жэстаў. Таксама яе можна выкарыстоўваць для навучання мове «мігаў».

Адна з прэзентацый стартапаў.

Адна з прэзентацый стартапаў.

Таксама нас вельмі ўразіў медыцынскі стартап CATHECARE са Злучаных Штатаў. Каманда стварыла інавацыйныя катэтары, якія практычна выключаюць імавернасць заражэння бактэрыямі ад катэтараў. Гэта вельмі сур’ёзнае дасягненне, таму што каля 40% інфекцый пацыенты ў бальніцах атрымліваюць праз катэтары.

На ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў прыехала і дацкая прынцэса Марыя. Гэта ўжо з’яўляецца паказчыкам таго, як ставіцца дзяржава да падобных ініцыятыў.

Пераможцы з прынцэсай Даніі Марыяй.

Пераможцы з прынцэсай Даніі Марыяй.

Чаго бракавала нам? Я б сказала, што добра распрацаванага бізнэс-плана і стратэгіі. З тэхнічнай часткай усё добра, а вось з дакументацыі амаль нічога не было. Гэта і стала праблемай, таму што без добра распрацаванай дакументацыі ні адзін інвестар не будзе ўкладваць грошы ў твой праект. Але мы расцэньваем гэта як пэўны досвед.

НН: Вы пабывалі ў Даніі, у краіне, якая лічыцца адным з лідараў стартап-руху. Чаго не хапае Беларусі, каб паўтарыць дацкі поспех?

ВБ: У мяне не такі вялікі досвед, каб даваць такія парады, але ёсць некалькі назіранняў. Галоўная праблема ў тым, што беларускія ўлады не разумеюць, што такое новыя тэхналогіі, як з імі працаваць і які даход можа атрымаць ад гэтага дзяржава. У пытанні папулярызацыі стартапаў няблага працуе Парк высокіх тэхналогій, але пакуль што стаць вучнем іх поўнай праграмы ці трапіць у інкубатар складана.

Таксама не вельмі гнутка працуюць беларускія ВНУ. Ва ўмовах эканамічнага крызісу яны не падтрымліваюць прагрэсіўныя ініцыятывы, якія патрабуюць фінансавых уліванняў. I часам цяжка пераканаць адміністрацыю ў неабходнасці развіцця студэнцкіх ініцыятыў. У параўнанні з Даніяй гэта вельмі кідаецца ў вочы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?