Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прапануе «наведаць» аб'екты, якія не захаваліся, паведамілі ў музеі.

Магчымасць зазірнуць у неіснуючую рэальнасць з'явілася дзякуючы сучасным 3D-тэхналогіям. Не выходзячы з музея, госці могуць наведаць гістарычныя аб'екты, якія не захаваліся да нашых дзён, убачыць іх у першапачатковым стане і нават зрабіць па іх невялікае падарожжа.

Так, наведвальнікі могуць апынуцца ў Крэўскім замку, які знаходзіцца ў невялікім гарадку Крэва за 100 км ад Мінска. Замак датуецца XIV стагоддзем. Як сведчыць гісторыя, з гэтым помнікам звязаны драматычныя лёсы выдатных людзей беларускай гісторыі — Альгерда, Ягайлы, Кейстута, Вітаўта. Разам з тым ён у першую чаргу вядомы як месца, дзе ў 1385 годзе была заключана унія паміж Літвой і Польшчай: вялікі князь Ягайла ўзяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, каб стаць каралём польскім. Шматлікія войны амаль поўнасцю знішчылі замак, які быў узорам абарончай архітэктуры XIV стагоддзя.

З выкарыстаннем спецыяльнага акуляра вобразы, створаныя мінскім энтузіястам Ахрэмам Белабровікам, даюць магчымасць «апынуцца» ў Крэўскім замку, прайсці па ім, агледзець панараму мясцовасці.

Цяпер пачата работа ў 3D-графіцы над замкам Сапегаў у Гальшанах. Плануе Ахрэм Белабровік таксама стварыць вобраз замка ў Мядзеле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?