Федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель гатовая запрасіць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Берлін для ўдзелу ў саміце ў «нармандскім фармаце» па сітуацыі на ўсходзе Украіны, аднак толькі пры наяўнасці шанцу для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайберт ў пятніцу, 14 кастрычніка, у Берліне, адначасова падкрэсліўшы, наколькі важны працяг перамоваў аб рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей.

«У належны час, калі будуць створаны перадумовы для адчувальнага прагрэсу, у Берліне можа адбыцца прамая і асабістая сустрэча на вышэйшым узроўні», — адзначыў Зайберт. Паводле яго слоў, незалежна ад ацэнкі таго, што адбываецца ў Алепа, з Расіяй неабходна падтрымліваць кантакт і ўцягваць яе ў перамовы. Мэтай інтэнсіўнай дыскусіі па сітуацыі ва Украіне з'яўляецца стабілізацыя сітуацыі на ўсходзе краіны, дадаў афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ.

Штэфэн Зайберт і афіцыйны прадстаўнік германскага МЗС пацвердзілі, што замежнапалітычны дарадца канцлера ФРГ і палітычны дырэктар міністэрства замежных спраў Германіі цяпер вядуць перамовы ў Мінску. Толькі пры паспяховай дамоўленасці на ўзроўні дарадцаў урад ФРГ гатовы правесці ў Берліне саміт у «нармандскім фармаце», растлумачыў Зайберт.

Раней ва ўрадзе Расіі паведамілі, што сустрэча «нармандскай чацвёркі» (Германія, Францыя, Расія, Украіна) можа адбыцца 19 кастрычніка ў Берліне, аднак улады ФРГ не пацвердзілі гэтай інфармацыі. Калі саміт сапраўды адбудзецца, гэта будзе першы візіт у Германію Уладзіміра Пуціна з моманту анексіі Крыма і пачатку канфлікту на Данбасе.

Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?