Нетыповая сітуацыя для беларускай палітыкі: на сёлетніх выбарах старшыні Руху «За Свабоду» з’явілася сапраўдная інтрыга. Юрась Губарэвіч абышоў Алеся Лагвінца, выйграўшы ў таго восем галасоў. Ці не адбудзецца цяпер раскол Руху?

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя, якая праходзіла ў канферэнц-зале мінскага гатэля «Планета», сабрала 115 дэлегатаў як са сталіцы, так і з рэгіёнаў. Прысутнічалі і госці: лідар АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі, кіраўнік БНФ Алесь Янукевіч і іншыя.

Асноўным пытаннем было, канечне, абранне новага старшыні Руху.

Самі прэтэндэнты былі крыху напружаныя, але ветлівыя і з публікай, і паміж сабой. Сур’ёзны і стрыманы, як і заўсёды, Губарэвіч, Лагвінец са сваёй нязменнай усмешкай. Адпаведнымі былі і праграмы прэтэндэнтаў: у Губарэвіча пад загалоўкам «Праграмныя прапановы Юрыя Губарэвіча» змяшчаўся падрабязны разбор работы на пяць старонак. Праграма Лагвінца пад загалоўкам «Алесь Лагвінец. Асоба. Прафесіянал. Лідар» больш кароткая і больш рэзкая, з акцэнтам на дзве сотні публікацый пра яго ў СМІ.

Прывітаў публіку пакуль яшчэ старшыня Руху Аляксандр Мілінкевіч. Затым слова ўзяў яго намеснік Юрась Губарэвіч, які адразу перайшоў да фармавання камісій (мандатнай, рэдакцыйнай і падліковай) і іншых працоўных пытанняў канферэнцыі.

Нечакана адзін з дэлегатаў — Дзмітры Карэнка — узяў слова і прапанаваў унесці праўкі ў статут Руху: абмежаваць колькасць тэрмінаў, на якія можа абірацца старшыня, да двух, і скараціць сам тэрмін да 2 гадоў. Праўда, высветлілася, што згодна са статутам Руху такія прапановы трэба было агучваць за тыдзень да канферэнцыі.

Супраць такой ідэі выступіў і Мілінкевіч: «Падобных прэцэдэнтаў нідзе ў Еўропе няма».

Дарэчы, ідэя аб зменах належала Алесю Лагвінцу. Кароткі выступ, у якім Лагвінец заклікаў падтрымаць змены, частка залы сустрэла апладысментамі.

Агульным галасаваннем прапанова была прынятая. Праўда, пазней высветлілася, што ў галасаванні не бралі ўдзел пяцёра чальцоў адной з камісій. Пасля іх далучэння ідэя галасавання правалілася і не была ўнесена ў парадак дня.

Далей слова зноў узяў Лагвінец з кароткім пажаданнем поспехаў будучаму старшыні і дэлегатам, скончыўшы прамову заклікам «Жыве Беларусь!»

«Жыве!» — адгукнулася зала.

Пасля зачыталі вітальныя лісты ад еўрапейцаў, паслухалі кароткія прывітанні гасцей з іншых партый.

Выступіў з прамовай і Мілінкевіч. Спачатку ён узгадаў мінулае:

«Рух паўстаў з Плошчы-2006. Шмат хто з вас быў на той Плошчы. І мы не прайгралі тады — гэта была рэвалюцыя годнасці. Мы даказалі, што мы ёсць».

І падзякаваў усім удзельнікам Руху:

«Кланяюся тым, хто меў потым праблемы — на працы, на вучобе… І прашу прабачэння ва ўсіх, каго мы не абаранілі».

Што тычыцца будучыні, Мілінкевіч выказаў спадзяванні, што Рух не падзеліцца на часткі пасля сённяшніх выбараў.

«Канкурэнцыя — гэта вельмі добра. Але галоўнае не перасварыцца, каб супрацьстаянне не перарасло ў варожасць».

Варожасць ці не, але падзел на «лагвінцоўцаў» і «губарэвічцаў» быў вельмі заўважны. Прычым, як правіла, Губарэвіча падтрымлівалі сталыя чальцы Руху, аргументуючы гэта як добрай працай свайго кандыдата ў рэгіёнах, так і проста добрым да яго стаўленнем.

«Лагвінцоўцы», у сваю чаргу, напіралі на адстунасць прагрэсу ў развіцці Руху. На іх думку, сёння арганізацыя перажывае не надта «салодкія» часы. І з гэтым трэба штосьці рабіць. А ў выпадку лідарства Губарэвіча, кардынальных зменаў чакаць не варта.

Неўзабаве слова ўзялі і самі прэтэндэнты на месца Мілінкевіча, выступіўшы са справаздачамі. Губарэвіч паказаў невялікае слайд-шоу, прысвечанае сваёй дзейнасці: працы ў Беларусі, Еўропе, сустрэчах з людзьмі, акцыях, шэсцях і выбарчых кампаніях.

Лагвінец замяніў прэзентацыю інтэрактыўнасцю. Расказваючы пра свае дасягненні, якія пераважна тычыліся адукацыйных праграм Руху, ён увесь час звяртаўся да дэлегатаў: «Падыміце руку, хто ўдзельнічаў у нашых Школах? А хто быў на вечарынах, прысвечаных Вацлаву Гаўлу?»

Сям-там рукі і сапраўды ўздымаліся.

Пасля шэрагу выступаў іншых дэлегатаў мікрафон вярнуўся да Губарэвіча: прыйшоў час 5-хвілінных выступаў кандыдатаў, прысвечаных іх вылучэнню на пасаду старшыні. Губарэвіч напіраў на тое, што ў Рух прыходзіць моладзь і колькасць актывістаў расце, пашыраецца праца Руху ў рэгіёнах.

«Мы марылі, што аб’яднаўшыся, мы здолеем штосьці змяніць. У 2006 годзе, можа быць, не атрымалася. Але я перакананы, што гэты шлях мы адолеем», — сказаў ён.

Таксама Губарэвіч падкрэсліў, што, на яго думку, улада паціху здае пазіцыі. Сведчаць пра гэта і пашырэнне беларускай мовы і спакойнае правядзенне мерапрыемстваў кшталту сённяшняга.

Месца першага намесніка Губарэвіч загадзя прапанаваў Лагвінцу.

Аднак, як высветлілася, кіраваць Рухам вырашыў яшчэ адзін з шараговых актывістаў — прадпрымальнік Алесь Таўстыка. Пасля чаго намесніца Мілінкевіча Галіна Скараход нагадала, што Таўстыка — персанаж, мякка кажучы, неадназначны.

«У Алеся Таўстыкі ёсць прэтэнзіі. Але ён не ходзіць на Раду Руху, не паведамляе нам свае думкі, а адразу піша лісты з прэтэнзіямі: у СМІ, у замежныя амбасады… Каб ён учора быў на Радзе, то мы б вырашылі пытанне. Але ён проста не прыйшоў», — сказала Скараход. Такое ж меркаванне выказаў пазней і сам Мілінкевіч.

Але ж хочаш быць кандыдатам у старшыні — будзь ім. І патэнцыйнаму лідару таксама далі слова.

У сваім выступе Алесь Таўстыка пайшоў па хісткім шляху Падгола, пачаўшы з выстаўлення на трыбуне сцяжкоў ЕС, бел-чырвона-белага і амерыканскага.

У адрозненне ад Губарэвіча, Таўстыку больш цікавіла геапалітыка. Ён прапанаваў выйсці з Еўразійскага звязу і саюзу з Расіяй, усталяваць наркакантроль на мяжы з Расіяй і падзяліўся марай аб перамозе на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

Пасля чаго мікрафон перайшоў да наступнага прэтэндэнта ў старшыні. Алесь Лагвінец у сваім выступе падкрэсліў неабходнасць дагрукацца да людзей:

«Рух павінен быць арганізацыяй, якая натхняе. Мы павінны быць голасам тых, каго крыўдзіць улада, — сказаў ён. — Палітыкі ў нас сёння няма, ёсць дысідэнцтва. А для дысідэнта галоўнае — рэпутацыя!»

Таксама Лагвінец паабяцаў, што ў выпадку перамогі ён усё ж вернецца да ідэі дуумвірату і прапануе пасаду сустаршыні таму, хто атрымае па выніках галасавання другое месца.

Пасля па некалькі хвілін атрымалі прыхільнікі кандыдатаў. Часам іх выступы выклікалі ці то сум, ці то смех. Той жа «лагвінцовец» Карэнка замест выступу вырашыў уключыць відэа, дзе вядомыя людзі — Жбанкоў, Севярынец і іншыя — выказваліся ў падтрымку Алеся Лагвінца. Але ж у дзіўна змантаваным відэа музыка перакрывала словы. Пакуль народ сціх і пачаў прыслухоўвацца, тры хвіліны, якія даваліся выступоўцу, скончыліся. Іншага выступоўцу, які выйшаў у падтрымку Губарэвіча, прыхільнікі Лагвінца сустрэлі крыкамі: «Ганьба!»…

Але ж дэмакратыя — няпростая рэч, як раней выказаўся Аляксандр Мілінкевіч. Выслухалі ўсіх. Прычым кожнае пытанне, нават наконт працягласці выступаў, вырашалася выключна агульным адкрытым галасаваннем.

Таксама галасаваннем, але ўжо таемным, вырашылі і асобу новага кіраўніка Руху. Ім стаў Юрась Губарэвіч, які набраў 59 галасоў. 51 дэлегат выказаўся ў падтрымку Алеся Лагвінца, двое аддалі галасы Таўстыку. Яшчэ тры бюлетэні былі сапсаваныя.

Пасля паразы Лагвінец, як заўсёды, пасміхаўся, але быў лаканічны.

«Будзем працаваць далей, я ж рухавец. Што тычыцца прапановы аб намесніцтве, мы цяпер раімся пра гэта», — пракаментаваў ён паразу.

Губарэвіч, само сабой, быў задаволены:

«Натуральна, я задаволены перамогай. Але бачу, што ёсць канкурэнцыя і гэта трэба ўлічваць у будучай працы. Але, думаю, што людзі прыходзяць у Рух не пад нейкую асобу, а пад агульныя справы і агульную ідэю. Для мяне як для старшыні цяпер важна будзе пачуць кожнага і даць кожнаму тую працу, якую чалавек хоча і заслугоўвае».

Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў і Губарэвіча, і Лагвінца, і нават Таўстыку, падкрэсліўшы, што было сапраўднае спаборніцтва. І ў чарговы раз нагадаў, што галоўнае — Рух.

Затым рухаўцам падзякаваў Губарэвіч, узгадаўшы, што ён прапануе Лагвінцу пасаду першага намесніка. Хтосьці з дэлегатаў вылучыў у намеснікі і Таўстыку.

Лагвінец павіншаваў свайго канкурэнта з перамогай. Але ад пасады намесніка ён адмовіўся, падкрэсліўшы, што ў іх з Губарэвічам розныя стратэгіі развіцця Руху.

Губарэвіч прапанаваў у першыя намеснікі Галіну Скараход.

Не абыйшлося і без спробы ўчыніць скандал. Алесь Таўстыка настойваў, што яго «запісваюць у правацэнтрысты, у незарэгістраваную арганізацыю».

«Я не твой раб! Чаму ты папаўняеш мной сваю правацэнтрысцкую кааліцыю?» — пачаў быў шумець Таўстыка. Аднак Губарэвіч хутка яго супакоіў, нагадаўшы пра шэраг незразумелых крокаў і невыкананых абяцанняў самога Алеся.

У выніку на адкрытым галасаванні большасць падтрымала кандыдатуру Галіны Скараход, якая і заняла пасаду першай намесніцы. Намеснікамі сталі Юры Меляшкевіч і Кірыл Стаселька. І Рух, пакуль яшчэ адзіны, пачаў сваю працу.

Чаму «пакуль яшчэ адзіны»? Па-першае, «лагвінцоўцы», якіх вылучалі на пасады намеснікаў, узялі самаадводы. Па-другое, вылучэнне кандыдатаў у сябры Рады ператварылася фактычна ў базар. Паляцелі абвінавачванні і ў абразлівых пастах у Фэйсбуку, і ў крымінальным мінулым некаторых чальцоў. І замест галасавання прыкладна з паўгадзіны ў зале проста стаяў крык.

Алесь Таўстыка нават ледзь не пабіўся з паплечнікам Губарэвіча Алесем Славінскім. Менавіта да Славінскага шмат прэтэнзій у «лагвінцоўцаў»: ён чалавек у Руху адносна новы і калісьці адбываў тэрмін за рабаванне, а цяпер, па словах апанентаў, Губарэвіч «паўсюль яго прасоўвае».

«Гульня ў дэмакратыю», «Аперацыя «пераемнік» Мілінкевіча», «Рух маральна ўжо раскалоўся» — вось такімі думкамі наконт сённяшняй канферэнцыі дзяліліся пасля «лагвінцоўцы».

Таму цалкам верагодна, што, нягледзячы на ўсе запаветы Мілінкевіча аб адзінстве арганізацыі, неўзабаве ў беларускім «палітычным балоце», як назваў яго адзін з дэлегатаў, з’явіцца яшчэ адна назва.

«Я бачыў і больш жорсткія спрэчкі, амаль да боек даходзіла, але ж людзі потым супакойваліся і дамаўляліся, — сказаў ужо старшыня Руху Юрась Губарэвіч. — Таму, думаю, усе спрэчкі можна вырашыць асабіста, а пасля працягнецца нармальная праца».

Ну што ж, паглядзім.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?