Летась Украіна зноў адкрыла ўезд у Крым праз сваю тэрыторыю. У прыгранічных раёнах з'явіліся тры кругласутачныя аўтамабільныя і чатыры чыгуначныя пункты пропуску.

Калі ўкраінцам падчас кантролю дастаткова прад'явіць пашпарт, то замежнікам (у тым ліку беларусам) у дадатак да гэтага трэба мець на руках і спецыяльны дазвол міграцыйнай службы. Складанасць у тым, што дакумент, па-першае, неабходна аформіць загадзя, па-другое, выдаецца ён толькі ў пэўных выпадках. Поўныя правілы летась зацвердзіў украінскі Кабінет міністраў.

На разавы пропуск праз украінскія КПП могуць разлічваць толькі замежнікі (у тым ліку і беларусы), якія едуць у аўтаномную рэспубліку ў госці да сваякоў, хочуць наведаць там месцы пахаванняў членаў сям'і або збіраюцца на пахаванне блізкіх. Яшчэ адна падстава для атрымання дазволу — нерухомасць у Крыме.

Шматразовыя дазволы прадугледжаныя толькі для тых, хто часта вымушаны бываць у Крыме па працы, з дыпламатычнымі мэтамі або для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў Украіны.

Мэта візіту ў кожным канкрэтным выпадку трэба пацвярджаць дакументальна. А па дазвол прыйдзецца загадзя ехаць ва Украіну.

«Дазволы на перасячэнне мяжы з Крымам афармляюцца толькі на тэрыторыі Украіны. Для гэтага замежнікі павінны звярнуцца ў любы тэрытарыяльны орган міграцыйнай службы. Падраздзяленні працуюць ва ўсіх абласных цэнтрах Украіны», — кансультуюць у Дзяржаўнай міграцыйнай службе краіны.

Заяву на атрыманне дазволу можна напісаць на месцы. З сабой у міграцыйную службу трэба прынесці пашпарт, перакладзеныя на ўкраінскую мову копіі яго старонак, дзе пазначаныя асабістыя дадзеныя (для беларусаў — дзве апошнія старонкі), тры фатаграфіі 3,5х4,5 см, дакумент, які пацвярджае, што ў вас дастаткова грошай на знаходжанне ва Украіне (суму дапамогуць разлічыць ў міграцыйнай службе), і, галоўнае, доказ аб'ектыўнай неабходнасці паездкі ў Крым.

Максімальны тэрмін разгляду дакументаў — 5 працоўных дзён. «Калі спецыялісты не будуць загружаныя, то, магчыма, адказ будзе гатовы і раней», — кажуць у міграцыйнай службе.

У пастанове прапісаныя і магчымыя прычыны адмовы. Так, калі спецыялісты ведамства палічаць, што вы ўяўляеце пагрозу нацыянальным інтарэсам або бяспекі Украіны, выявяць у вас падробленыя дакументы або ўпэўняцца, што рэальныя мэты вашай паездкі ў Крым не супадаюць з апісанымі ў заяве, то дазвол на перасячэнне мяжы вам могуць і не выдаць. Адмоўны адказ можна атрымаць і пры адсутнасці дакумента, які пацвярджае наяўнасць дастатковай колькасці фінансавых сродкаў на знаходжанне на тэрыторыі Украіны.

«Спецыяльны дазвол выдаецца замежнікам і асобам без грамадзянства, якія дасягнулі 18 гадоў. Дадзеныя аб непаўналетніх уносяцца ў дакументы, выдадзеныя іх бацькам або законным прадстаўнікам», — гаворыцца ў пастанове Кабінета міністраў Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?