Як мінімум адзін чалавек загінуў у выніку выбуху на прадпрыемстве хімічнага канцэрна BASF ў нямецкім горадзе Людвігсхафэне, паведамляюць мясцовыя СМІ са спасылкай на прэс-службу гарадскіх уладаў.

Getty

Паводле апошніх дадзеных, яшчэ не менш за шэсць чалавек атрымалі цяжкія траўмы. Акрамя таго, шэсць чалавек, у ліку якіх ёсць пажарныя, якія прыбылі па выкліку, прапалі без вестак.

Па словах кіраўніка пажарнай службы горада, на дадзены момант пажар, які пачаўся на прадпрыемстве пасля выбуху, удалося лакалізаваць, аднак цалкам ён не патушаны. Пажарныя спадзяюцца цалкам ліквідаваць узгаранне да ночы.

Выбух адбыўся каля 11:30 па мясцовым часе падчас работ на трубаправодзе, прызначаным для транспарціроўкі хімікатаў. Па словах прадстаўніка прадпрыемства, дакладная прычына здарэння пакуль не выяўленая.

Канцэрн сцвярджае, што інцыдэнт не ўяўляе небяспекі для жыхароў горада. Аднак мясцовыя ўлады ўсё ж рэкамендуюць гараджанам пакуль не выходзіць на вуліцу.

Канцэрн BASF уваходзіць у лік найбуйнейшых хімічных кампаній у свеце. Ён вырабляе больш за сем тысяч найменняў рознай хімічнай прадукцыі. У Людвігсхафэне размешчаная штаб-кватэра канцэрна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0