Амерыканская шахмацістка Назі Паікідзэ-Барнс адмовілася ад удзелу ў чэмпіянаце свету, які пройдзе ў лютым 2017 года ў Тэгеране, з-за парушэнняў правоў жанчын у Іране. Пра гэта паведамляе партал Грузія Online.

Назі Паікідзэ-Барнс. Фота chess.com

Абраўшы Тэгеран месцам правядзення чэмпіянату свету па шахматах сярод жанчын, Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) ўвяла для яго ўдзельніц дадатковыя правілы паводзін, каб выканаць строгія ісламскія законы, якія дзейнічаюць у краіне. У прыватнасці, усім шахматысткам загадана пакрыць свае галовы хіджабамі.

Гэтае патрабаванне абурыла спартсменак з многіх краін, аднак толькі Паікідзэ вырашылася заявіць пра байкот чэмпіянату. Яна заявіла, што не збіраецца насіць хіджаб і тым самым падтрымліваць прыгнёт правоў жанчын. Нават калі праз гэта ёй давядзецца прапусціць адно з самых важных спаборніцтваў у жыцці.

«Калі месца правядзення турніру не будзе змененае, то я не вазьму ўдзел. Я глыбока засмучаная гэтым. Я атрымала такі прывілей, як права прадстаўляць ЗША на жаночым чэмпіянаце свету па шахматах. Мяне расчароўвае, што я не змагу ім скарыстацца з-за рэлігійных, сэксісцкіх і палітычных праблем», — напісала Паікідзэ-Барнс ў Instagram.

Паікідзэ запусціла петыцыю, у якой заклікае ФІДЭ перанесці чэмпіянат у іншую краіну альбо паўплываць на ўрад Ірана і адмяніць заяўленыя абмежаванні. Яна патлумачыла, што не мае нічога супраць Ірана, жыхароў гэтай краіны ці якой-небудзь рэлігіі, але не можа змірыцца з законамі, якія абмяжоўваюць яе ў правах як жанчыну.

23-гадовую шахматыстку падтрымалі вядомыя асобы ў свеце шахмат, сярод якіх экс-чэмпіён свету Гары Каспараў і брытанскі гросмайстар Найджэл Шорт. На бок Паікідзэ ўстала і Шахматная федэрацыя ЗША, якая ганарыцца гэтак прынцыповай пазіцыяй сваёй удзельніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?