Асноўныя палажэнні новай рэдакцыі закона аб занятасці насельніцтва Беларусі набудуць моц з 24 кастрычніка бягучага года. Яна накіраваная на развіццё і падтрымку высокай матывацыі беспрацоўных да актыўнага пошуку работы, узмацненне адказнасці наймальнікаў і беспрацоўных за выкананне заканадаўства аб занятасці насельніцтва, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» падпісаны Лукашэнкам 18 ліпеня гэтага года. Навацыі датычацца ўсіх удзельнікаў рынку працы — наймальнікаў, саіскальнікаў, службы занятасці.

Асобным артыкулам новага закона замацаваныя абавязкі беспрацоўнага. Так, яны павінны самастойна займацца пошукам работы, з'яўляцца на перагаворы з наймальнікам па пытанні працаўладкавання на працягу двух рабочых дзён з дня выдачы накіравання, з'яўляцца ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне для атрымання накіравання на работу або вучобу. Гэта замацуе ўзаемаадказнасць службы занятасці, наймальнікаў і грамадзян у вырашэнні пытанняў працаўладкавання, а таксама дасць магчымасць увязаць выкананне абавязкаў беспрацоўнага з яго правам на атрыманне сацыяльных выплат (напрыклад, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай дапамогі і іншых).

У мэтах стымулявання да больш актыўнага пошуку работы ўзмоцненая адказнасць беспрацоўных за парушэнне заканадаўства аб занятасці насельніцтва. У два разы скарочаны максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных — з 36 да 18 каляндарных месяцаў. Удакладненыя і нюансы паўторнай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных.

Беспрацоўным прадастаўляецца права на атрыманне садзейнічання ў набыцці досведу практычнай работы ў адпаведнасці з атрыманай прафесіяй (спецыяльнасцю), што дасць магчымасць павысіць іх канкурэнтаздольнасць і ў далейшым павялічыць шансы на працаўладкаванне. Такое права на ўдзел у праграме «Моладзевая практыка» будзе распаўсюджвацца і на беспрацоўных жанчын-маці, якія доўгі час не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Для наймальнікаў устаноўлены абавязак пісьмова інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб наяўнасці вакансій на працягу пяці дзён з даты іх утварэння (у дзейнай рэдакцыі — на працягу двух тыдняў). Наймальнікаў таксама абавязалі інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб запаўненні вакансій у той жа дзень.

Дарэчы, упершыню вызначана само паняцце свабоднага рабочага месца (вакансіі). Гэта прадугледжаная штатным раскладам пасада (прафесія), не замешчаная работнікам, які знаходзіцца ў працоўных адносінах з наймальнікам на аснове заключанага працоўнага дагавора па гэтай пасадзе (прафесіі).

У адпаведнасці з новым законам наймальнікі абавязаныя інфармаваць службу занятасці аб маючым адбыцца вызваленні работнікаў не пазней, чым за два месяцы (цяпер — толькі ў выпадку масавага вызвалення). Рэалізацыя гэтай нормы дасць магчымасць забяспечыць аператыўнае прагназаванне колькасці грамадзян, патэнцыяльна маючых патрэбу ў падборы месца работы.

Органам дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва прадастаўляецца права поўнасцю або часткова кампенсаваць затраты наймальнікаў на навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Гэта мера ў рэспубліцы ўжо выкарыстоўвалася, цяпер яна замацавана ў законе. Гэта норма дасць магчымасць забяспечыць апераджальнае навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення, і іх далейшае працаўладкаванне, мінаючы стадыю беспрацоўя.

Дарэчы, упершыню заканадаўча вызначаныя катэгорыі работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Да іх належаць тыя супрацоўнікі, якія падлягаюць звальненню ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; папярэджаны аб скарачэнні колькасці або штату работнікаў; па ініцыятыве наймальніка знаходзяцца ў вымушаным прастоі, працуюць у рэжыме няпоўнага рабочага часу, у водпуску без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы.

У наймальнікаў, якія прыцягваюць грамадзян на аплатныя грамадскія работы, з'явілася магчымасць заключаць не толькі тэрміновыя працоўныя дагаворы, але і грамадзянска-прававыя. Гэта значна спросціць працэдуру працаўладкавання на такія работы, а таксама знізіць матэрыяльныя і часавыя затраты кадравых службаў наймальнікаў.

Законам змененыя і ўзроставыя крытэрыі, пры якіх наймальнікамі поўнасцю кампенсуюцца органам па працы, занятасці і сацабароне затраты на перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі беспрацоўных з ліку работнікаў, якія звольнены імі ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў (за выключэннем занятых на некваліфікаваных работах, а таксама дасягнуўшых узросту 50 гадоў для жанчын і 55 гадоў для мужчын) і не праходзілі па апошнім месцы работы на працягу пяці гадоў перад звальненнем перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі. Раней гранічны ўзрост складаў 45 гадоў для жанчын і 50 гадоў для мужчын.

Важнай навацыяй закона аб занятасці з'яўляецца і тое, што з 1 студзеня 2017 года паслугі па працаўладкаванні змогуць аказваць толькі ўключаныя ў рэестр агенцтвы па працаўладкаванні (сёння дзейнасць такіх агенцтваў заканадаўча не рэгламентавана і на яе распаўсюджваюцца толькі агульныя механізмы абароны правоў грамадзян пры прадастаўленні ім няякасных паслуг, у тым ліку ў сферы працаўладкавання). Пералік паслуг па садзейнічанні ў працаўладкаванні, што прадастаўляюцца агенцтвамі па працаўладкаванні, парадак фарміравання і вядзення рэестра агенцтваў будуць вызначацца ўрадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?