Дакумэнтальны фільм беларускага кінарэжысэра Міхаіла Жданоўскага «Ва ўсе дні» атрымаў Гран-пры IV міжнароднага каталіцкага фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў "Магніфікат-2008", які прайшоў 17—21 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласьці.
Як паведаміў БелаПАН старшыня фэстывалю, кінарэжысэр Юры Гарулёў, фільм М. Жданоўскага разьвівае тэму, распачатую рэжысэрам у 1990-я гады стужкай «Дарога на Курапаты» паводле сцэнару А. Лукашука.
Дакумэнтальны фільм «Ва ўсе дні», створаны на кінастудыі «Беларусьфільм», прысьвечаны мастаку-іканапісцу Анатолю Кузняцову, які на працягу многіх гадоў піша абразы на камянях у народным нэкропалі Курапаты на паўночна-ўсходняй ўскраіне Менску, дзе ляжаць дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.
На фэстывалі было прадстаўлена 35 фільмаў і тэлепраграм зь Беларусі, Грузіі, Італіі, Канады, Латвіі, Лівана, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны, Францыі, Харватыі і Швайцарыі. Заснавальнікамі творчай акцыі, якая праводзіцца пад патранажам Канфэрэнцыі каталіцкіх япіскапаў у Беларусі, зьяўляюцца каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «SIGNIS-Беларусь», незалежная студыя «Стопкадр», рэдакцыя рэлігійна-асьветніцкага часопісу «Дыялёг» (Баранавічы), а таксама Віцебская дыяцэзія Беларускай рымска-каталіцкай царквы. Фэстываль праводзіцца пры ўдзеле Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэту.