Паўгадзінная мастацкая стужка «Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага заваявала галоўны прыз шостага фестывалю новага беларускага кіно Bulbamovie — залатую бульбіну, як лепшы гульнявы фільм. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 22 кастрычніка ў сталічным арт-кінатэатры «Тытан».

Лепшай анімацыйнай стужкай журы прызнала карціну Івана Гапіенкі «Дзеці будучага спяць». Гэтая ж работа атрымала ўзнагароду за лепшы гук. Прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны карціне «Вянок» Паўла Нядзведзя.

Анімацыйная праца «Ламберсек і даярка» Ататоля Тадорскага, а таксама мастацкая карціна «Дваццацьшаснаццать» Андрэя Крывіцкага і Дзмітрыя Рахоўскага ўдастоіліся спецыяльных прызоў журы.

Шосты фестываль новага беларускага кіно Bulbamovie адкрыўся ў Мінску ўвечары 21 кастрычніка. У праграму кінафоруму былі ўключаныя 24 мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя кінакарціны.

Праграмны дырэктар фестывалю Максім Жбанкоў на адкрыцці фестывалю назваў цудам той факт, што гэты кінафорум праводзіцца ўжо шосты раз. «Але самы галоўны цуд і багацце ў нашай сітуацыі гэта новыя аўтары і публіка. Я ўдзячны ўсім вам за тое, што вы робіце насуперак усім неспрыяльным абставінам. Жадаю ўсім нам крэатыўнай нязгоды, асабістай годнасці і пазітыўнага настрою», — сказаў ён.

Кінафестываль Bulbamovie быў ініцыяваны ў 2011 годзе групай беларускіх кінематаграфістаў і кінакрытыкаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафестывалям, якія праводзяцца ў Беларусі. Яго заснавальнікам і дырэктарам з'яўляецца польскі філолаг і журналіст беларускага паходжання Януш Гаўрылюк.

Да 2014 года кінафестываль праводзіўся ў Варшаве, у 2015 годзе пераехаў у Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?