Экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, член Савета бяспекі РФ Сяргей Іваноў лічыць, што халодная вайна ўжо з'яўляецца рэальнасцю. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Financial Times, паведамляе »Украінская праўда».

Пры гэтым ён выказаў надзею, што да рэальнай вайны справа не дойдзе.

«Асабліва калі мы гаворым пра ядзерную зброю і гаворым пра гіпатэтычную магчымасць Трэцяй сусветнай вайны, я веру, што ўсе досыць разумныя, каб не даводзіць справу да гарачай вайны. Але калі мы гаворым пра халодную вайну, інфармацыйную вайну і прапагандысцкую вайну, гэта ўжо стала фактам жыцця. Мы бачым гэта штодня», — сказаў ён.

Іваноў абверг абвінавачванні з боку ўрада ЗША ў тым, што Расія стаіць за ўзломам электроннай пошты Нацыянальнага дэмакратычнага камітэта і заявіў, што пакуль Вашынгтон не прадаставіць канкрэтных доказаў, такія абвінавачванні будуць «пустымі заявамі і прапагандай».

Ён таксама абверг жаданне Крамля бачыць прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа, заявіўшы, што гэта «абсалютная няпраўда».

Іваноў выказаў надзею на больш прагматычныя адносіны з наступным кіраўніком Белага дома.

«Мы гатовыя да гэтага. Мы проста павінны пачакаць да завяршэння выбарчай кампаніі. Мы павінны пачакаць яшчэ некалькі тыдняў, мы проста павінны быць цярплівымі», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?