19-22 кастрычніка ў Мінску праходзіў міжнародны моладзевы форум «Лідар XXI стагоддзя». Мерапрыемства зладзіў кіраўнік прарасійскай арганізацыі «Русь маладая» Сяргей Лушч.

Кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч атрымлівае значок ад вядучага спецыяліста Фонда Гарчакова Віталя Саланецкага.

Кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч атрымлівае значок ад вядучага спецыяліста Фонда Гарчакова Віталя Саланецкага.

Інфармацыйнымі партнёрамі выступілі Дом Масквы ў Мінску, «Россотруднічество», Фонд Гарчакова, Дэпартамент знешнеэканамічных і міжнародных сувязяў горада Масквы, сайт russkie.org, агенцтва «Рыдус». Апошняе займае ў дачыненні да беларускай улады не самую дружалюбную пазіцыю і палохае чытачоў страшылкамі, што «Беларусь сыходзіць ад Расіі у бок Захаду», а яшчэ яны прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку ў абмен на нафтавыя вышкі аддаць Расіі ўсю Беларусь цалкам.

Цяпер жа гэтыя выданні ладзяць у цэнтры Мінска канферэнцыі.

Гасцямі мерапрыемства сталі самыя розныя людзі: памочніца пасла Расіі ў Беларусі Марыя Навадворская, намеснік старшыні ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, філосаф Аляксей Дзермант, палітолаг Юрый Шаўцоў, прадстаўнік руху заходнерусістаў Леў Крыштаповіч, дэпутат Мінскага гарсавета ад камуністаў Георгій Атаманаў, каардынатар праекта «Вакно ў Расію» Аркадзь Бейненсон, першы сакратар мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый Чачукевіч.

Яшчэ сярод выступоўцаў аказаўся рыэлтар Аляксандр Гарашчэня, які атрымаў вядомасць заявамі пра народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якога ён назваў «нацысцкай свалатой». Пасля абурэння з боку грамадскасці супрацоўніцтва з Гарашчэнем спыніў БДУ, а таксама ён пазбавіўся працы ў агенцтве па нерухомасці. 

Гарашчэня выступіў з трэнінгам «Лідарства і эфектыўная камунікацыя». У праграмцы мерапрыемства яго пазначылі як «выкладчыка БДУ». Прычым трэнінг адбываўся на базе факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які ўзначальвае Вадзім Гігін.

Таксама падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Бышка «Брэкзіт і еўраскептыкі: еўрапейцы супраць ЕС».

22 кастрычніка ўдзельнікі форуму наведвалі Белтэлерадыёкампанію. На сваіх старонках у сацыяльных сетках прадстаўнікі форуму выклалі спіс удзельнікаў, якія меліся прыйсці на БТ.

Звяртае ўвагу, што насупраць некаторых прозвішчаў пазначалася прыналежнасць да той ці іншай краіны. Дык можна пабачыць, што ў спісе ажно чатыры чалавекі з «ДНР», а яшчэ двое з Прыднястроўя.

Гэта непрызнаныя Беларуссю дзяржаўныя ўтварэнні, створаныя на тэрыторыі Украіны і Малдовы. Між тым Беларусь на афіцыйным узроўні прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і Малдовы.

Госці БТ — студэнты данецкіх ВНУ. Пра Філіпа Панамарэнку і Ягора Дзіброва, напрыклад, пісаў сайт «міністэрства замежных спраў ДНР» сёлета ў маі. Маўляў, «прадстаўнікі ДНР» прынялі ўдзел у «IX дыпламатычным семінары», якія адбываўся ў Калінінградзе пры падтрымцы Фонда Гарчакова.

Як бачна з далейшых паведамленняў, прыналежнасць да неіснуючых дзяржаўных утварэнняў не стала перашкодай для траплення моладзі на БТ. Вядучы Андрэй Крывашэеў выклаў у сваім фэйсбуку здымак з подпісам: «Дэбаты былі жарсныя і шчырыя. Калегі трымаліся годна і амаль не палохаліся камер».

Фота з фэйсбука Андрэя Крывашэева.

Фота з фэйсбука Андрэя Крывашэева.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі яшчэ пагуляліся ў забаўку «Дыпламатыя» — «сімулятар палітычнай сітуацыі ў пачатку XX стагоддзя».

Адно з паведамленняў гучала так: «Германія займае Нарвегію, Турцыя ўводзіць войскі ў Балгарыю, Расія займае Беларусь, Англія заваёўвае Іспанію, Венгрыя акупуе Харватыю. Свет заліты крывёй, лідары краін спадзяюцца толькі на сябе. Прайшла палова гульні, а ўдзельнікі так і не ўсвядомілі асноўную задуму гульні».

Гульня гульнёй, але пры накладанні на сучасныя межы гучыць усё гэта дастаткова злавесна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?