Сумесную дэкларацыю аб супрацы па выніках двухбаковых перамоваў падпісалі 22 чэрвеня ў Берасці кіраўнікі Расеі і Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка.

Як бачна з вынікаў перамоваў, ніякіх прарыўных рашэнняў у адносінах дзвюх краінаў чакаць не выпадае, піша сёння расейская газета «Коммерсант».

У дэкларацыі выяўляецца прыхільнасць дамове аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» і падкрэсліваецца неабходнасць актывізацыі высілкаў у развіцці гандлёва‑эканамічнай супрацы. «Менавіта гэтая дамоўленасць, відаць, не дазволіла бакам абмяркоўваць кошты на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь», — адзначае выданне.

У часе сустрэчы з ветэранамі Мядзведзеў паведаміў, што «саюзная дзяржава» Расеі і Беларусі ёсць, але яе неабходна «напоўніць рэальнымі вынікамі». Іх, падобна, плануецца дасягнуць пазней, не ў гэты прыезд і нават не ў наступны, лічыць газета.

«Калі гандлёва‑эканамічныя сувязі паміж Расеяй і Беларуссю пашыраюцца, то ў вобласці палітычнай усе праекты замарожаныя», — заявіла «Ведомостям» эксперт Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў Тамара Гузенкова. Менавіта таму кіраўнікі краінаў закцэнтаваліся на эканоміцы.

Абодва кіраўнікі не ашчаджаліся на хвальбу наконт працэсу стварэння «саюзнай дзяржавы». «Збольшага рух наперад вельмі добры», — заявіў Мядзведзеў. «Не трэба ставіць звышнатуральных задачаў, трэба проста дакладна выконваць дамоўленасці», — адкрыў сакрэт поспеху Мядзведзеў.

Між тым, як адзначае газета «Время новостей», слова «газ» — а гэта самае балючае пытанне ў адносінах двух краінаў — у выніковым падыходзе да прэсы нават не гучала. Засталося невядомым, ці дасягнуты нейкія новыя дамоўленасці наконт коштаў, паводле якіх Менску давядзецца купляць расейскія вуглевадароды.

На мінулым тыдні віцэ‑прэм’ер беларускага ўрада Андрэй Кабякоў заявіў, што Маскве варта адкарэктаваць дамову аб пастаўках газу, падпісаную ў 2006 годзе. Сутнасць дакумента ў тым, што да 2011 году Беларусь мусіць перайсці на еўрапейскія кошты. Цяпер яна купляе газ танней за ўсіх у СНД: $128 за тысячу кубаметраў. У наступным годзе кошт можа ўзняцца пад $200, а да 2011 году — і зусім пад $400. Беларусы ж лічаць, што дамову трэба перагледзець, бо сама Расея перагледзела свае планы наконт пераходу ў 2011 годзе на еўрапейскія кошты на ўнутраным рынку.

Паводле Хартыя'97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0