Дом кнігі «Светач» на праспекце Пераможцаў у Мінску мае немалы асартымент літаратуры на плошчы ў 1000 квадратных метраў. Адразу на ўваходзе ў рубрыцы «Навінкі» наведнікаў чакае томік Захара Прылепіна «Усё, што павінна вырашыцца» з партрэтамі Захарчанкі і Матаролы на вокладцы.

Сам Прылепін, ветэран Чэчэнскай вайны, «нацбол», памагаты тэрарыстаў з ДНР-ЛНР, ніколі не хаваў сімпатыяў да псеўдарэспублікаў ды іх «бацькоў-заснавальнікаў». Зусім нядаўна, дарэчы, Прылепін, добра знаёмы з «Матаролам», аб’явіў пра збор сродкаў для сям’і тэрарыста, падарванага ў ліфце жылога дому.

Хапае ў кнігарні і іншых літаратурных цікавостак. Аднаму Сталіну ў кнігарні прысвечана ажно дзве паліцы. Сярод кніжак можна знайсці выданні кшталту «Настольная кніга сталініста» або «Геній Сталіна». Апошняя, між іншым, пачынаецца з главы «1937 год: Вайна за незалежнасць СССР. Сталін іх пабяры!»

Тут жа кніжкі цалкам фантастычнага зместу, прыаздобленыя свастыкамі на вокладцы. Напрыклад, «Мы Арыі. Вытокі Русі» альбо «Арыі. Першая энцыклапедыя вышэйшай расы». З сумнеўных выданняў можна даведацца, напрыклад, пра Расею ў часы Старажытнага Егіпту, Бібліі ды Гамера… Не цяжка здагадацца, што расейцам у падобнай літаратуры адводзіцца тая ж «вызначальная для свету» роля, што і немцам у падобных выданнях у часы ІІІ Райху.

Самае цікавае, што «Светач» — гэта не якая-небудзь маргінальная кнігарня, але галоўны орган ААА «Белкніга», дзяржаўнага выдавецтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?