Змены і дапаўненні ва ўказ № 372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь» не маюць на ўвазе павелічэння падаткаабкладання для ўладальнікаў аграсядзіб, заявіла намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка 25 кастрычніка на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

Паводле яе слоў, падатковы збор для ўладальнікаў аграсядзіб не мяняўся з 2006 года і з прыняццем новага праекта ўказа № 372 не зменіцца. Яна падкрэсліла, што ў 2006 годзе падатковая нагрузка ў гэтай сферы дзейнасці была 2%, сёння — 0,003%.

«З прыняццем новага праекта падаткаабкладанне не мяняецца, — заявіла яна. — У праекце ўказа такога няма, і ў нас такой мэты сёння няма. Мы гаворым пра разняволенне дзелавой ініцыятывы».

Акрамя таго, зазначыла яна, падыход да вядзення падатковай справаздачнасці, якую дазволена весці ў адвольным парадку, таксама не мяняўся.

Шаўчэнка расказала, што сельскі турызм з 2006 года стаў бурна развівацца, і ў 2010 годзе ў падатковыя органы сталі паступаць скаргі на нядобрасумленных суб`ектаў гаспадарання ў гэтай сферы: «лазневы бізнес, правядзенне вяселляў у так званых аграсядзібах і гэтак далей».

Тут, лічыць Шаўчэнка, неабходна ва ўказе дэталізаваць пункт «іншыя паслугі» і выразна вызначыць іх пералік — якія менавіта паслугі могуць аказваць суб`екты аграэкатурызму. Гэта трэба для таго, каб нават у кантралюючых органаў не было дваякага трактавання дакумента. «Суб`ект агратурызму павінен быць абаронены і не павінен баяцца за свой заўтрашні дзень», — дадала намеснік міністра.

Згодна з праектам указа ў сферы аграэкатурызму Мінспорту прапаноўвае лічыць прадпрымальніцкай дзейнасцю: арганізацыю вяселляў і банкетаў, аказанне паслуг з выкарыстаннем больш за дзесяць жылых пакояў альбо больш чым 20 турыстам адначасова. Акрамя таго, дакумент дэталізуе пункт «дадатковыя паслугі». Таксама ставіцца захаванне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Яшчэ адна навіна — распаўсюджванне прэферэнцый для аграсядзіб на курортныя зоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?