Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына прагназуе высокую яўку выбаршчыкаў на парламенцкіх выбарах 2008 года. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН.

На думку Л.Ярмошынай, на вынікі выбараў не паўплывае адмена сацыяльных ільготаў і гарантый, якая адбылася ў 2007 годзе.

«Хто сказаў, што льготы адназначна падтрымліваюцца і вітаюцца ўсім насельніцтвам? Паверце, тая частка насельніцтва, якая льготамі не карыстаецца, адмоўна ставілася да іх наяўнасці ў іншых грамадзян, — сказала кіраўнік ЦВК. — Апрача таго, многія грамадзяне льготамі і не карысталіся. Узяць супрацоўнікаў праваахоўных органаў: ім належаў ільготны праезд, але большая іх частка ездзіць на ўласных машынах і ўжо даўно не карыстаецца нічым бясплатным. Структура льготаў, якая была раней, ужо ўстарэла. Яе ў любым выпадку трэба было пераглядаць. Калі немалая частка студэнцтва ездзіць на лекцыі на ўласных машынах, аб ільготным праездзе на электрычках неяк і няёмка казаць».

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што, згодна з праведзеным зімой апытаннем, прыйсці на парламенцкія выбары збіраліся 60% выбаршчыкаў, 25% рэспандэнтаў заявілі, што, «хутчэй за ўсё», прыйдуць.

«Такім чынам, 85% — гэта патэнцыял, які трэба не змяншаць, а працаваць над яго павелічэннем», — заявіла Л.Ярмошына.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0