Блогер Эдуард Пальчыс 28 кастрычніка выйшаў на волю пасля амаль 10 месяцаў, якія ён правёў за кратамі. Ён быў асуджаны на 1 год і 9 месяцаў зняволення без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Гэта значыць, што яго яшчэ чакае каля 2 месяцаў так званай «хатняй хіміі». Адзін дзень у СІЗА ідзе як два на «хіміі».

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Эдуарда Пальчыса прызналі вінаватым па артыкуле 130 ч.1 «Наўмыснае дзеянне, накіраванае на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варажнечы» і па артыкуле 343 ч.2 «Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў праз Інтэрнэт».

Эдуард Пальчыс на свабодзе вёў блог 1863x.com. «Наша Ніва» прапануе першую рэакцыю Пальчыса пасля вызвалення.

«Дзякуй прэсе, родным, сябрам. Мне крыху нязвыкла, я дзевяць месяцаў быў у камеры, тут адбылася такая развіртуалізацыя. Я хачу сказаць, што мяне вызвалілі вы — грамадзянская супольнасць. Я не герой. Героі — гэта вы, усе журналісты. Так як саджалі мяне, могуць пасадзіць кожнага з вас, хто піша ў інтэрнэце, хто працуе з інфармацыяй.

Мы будзем змагацца за кожнага чалавека, бо яшчэ застаюцца палітвязні. Гэта шкодзіць усім, нікому не патрэбна, каб людзі сядзелі за палітыку ў турме. Апроч палітычных, у турме вельмі шмат простых людзей, якія сядзяць практычна ні за што.

Я ў аграмадным даўгу перад вамі, і мне гэты доўг трэба апрацоўваць. Дзякуй усім.

Бліжэйшы месяц я паразмаўляю з кожным, усім аддзячу».

«Паставіш лайк і пракаменціш», — жартуе нехта з натоўпу.

«Так-так», — адказвае Эдуард.

«Таксама я хачу выказаць спачуванні ўсім сябрам і блізкім Паўла Шарамета, «Беларускаму партызану», «Украінскай праўдзе». Мне да сённяшняга не верыцца, што яго забілі. Калі яго справу найхутчэй расследуюць, то будзе толькі лепш. Будзем старацца, каб гэта ніколі не было забыта. Мне здаецца, што гэта справа гонару ўсіх журналістаў.

З мяне ўзялі гару падпісак, і могуць зноў пасадзіць, калі я пачну гаварыць, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма. Было весела, закрылі працэс, каб не бачылі таго цырку.

Улады вырашылі не ствараць канфліктную сітуацыю і далі менш, чым патрабаваў пракурор. Я думаў, што дадуць гады тры, але ўсё пайшло больш пазітыўна. Калі б не было падтрымкі, то мяне б ціха асудзілі.

У СІЗА нічога не змянілася, порцыі большымі даваць не сталі.

Як ноўтбукі вернуць, так і давядзецца вяртацца да працы. У мяне 3 лістапада суд, дзе мяне далей будуць спрабаваць зрабіць экстрэмістам, забараніць сайт. Шоу будзе працягвацца.

Цяпер я магу даць кожнаму паролі ад сайта, зарабляйце свае крымінальныя справы (смяецца).

У Беларусі вельмі ўмоўная свабода слова. Пытанне толькі ў тым, колькі за яе дадуць.

Я быў маленькім блогерам, але спадары з сілавым структур вырашылі прапіярыць мой сайт, цяпер я гляджу ў адны камеры. Самі сабе стварылі папулярны сайт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?