Насельніцтва Аўстрыі і Швайцарыі разам складае ўсяго 15 мільёнаў. І так цесна — а тут яшчэ мільёны фанаў з 16 краінаў.

Загадка пройгрышу галяндцаў

Чвэрцьфінал Нідэрлянды — Расея праходзіў у Базэлі. Да гэтай гульні прадаўцы піва і кілбасак з усёй Швайцарыі скардзіліся, што ўсе папярэднія гульні галяндцаў праходзілі ў Бэрне, і сталіца атрымала найбольш прыбытку. Аднак цяпер Базэль ужо адцягваўся, бо па розных прыкідках у горад прыехала ад 90 да 180 тысячаў прыхільнікаў аранжавых (у той час як насельніцтва альпійскага гарадка ўсяго каля 170 тысячаў).

Сапраўды, горад быў настолькі аднакаляровым, што ўзьнікала адчуваньне знаходжаньня дзе‑небудзь у Эйндховэне. Фанаў расейскай каманды я налічыў каля 30‑40 чалавек. Праўда, было часам цяжка адрозьніць фанаў, дзякуючы Пятру І і колеразьмяшэньню сьцягоў, але дапамагала наяўнасьць/адсутнасьць аранжавага ў вопратцы. Супрацоўнікі грамадзкіх службаў, у аранжавых спэцоўках, таксама нядрэнна зьліваліся з натоўпам.

Каго падтрымлівала нясьцерпна гарачае сонца? сказаць цяжка. Але чэргаў да стоек з напоямі, якія былі праз кожныя некалькі мэтраў па ўсім цэнтры гораду, адстаяць давялося нямала. У адрозьненьне ад Цюрыху, у Базэлі не адна фанзона, таму нам давялося прайсьці некалькі, пакуль мы дасягнулі той, дзе можна было нешта пабачыць зь яшчэ вольнага месца. Прыемна, што Базэль аказаўся падрыхтаваны да наплыву турыстаў. Хапала экранаў і піва на ўсіх. Нават гелікоптэр быў на суседнім даху, на ўсялякі выпадак.

Пра саму сустрэчу ўжо ўсё сказалі. Галяндцы вакол мяне таксама бачылі, што расейцы гуляюць нашмат надзейней і лепш. Чаму? Адзін з варыянтаў, бо на аранжавых вельмі паўплывала сьмерць дачкі Халіда Булахруза, якая здарылася за дзень да гульні. Нечакана было, што сам гулец узяў удзел у матчы.

Як вынік, горад стаў сьведкам сумнага аранжавага шэсьце да вакзалу і да іншых выхадаў з гораду. Некаторыя заўзятары плакалі (партугальскія фанаты пасьля сваёй паразы плакалі ўсе да аднаго як бабры), некаторыя працягвалі «Хёп Холанд», але большасьць проста сьцішылася. Адзінкавыя фанаты расейскай каманды былі шумныя, крычалі «Россия, мы с тобой!», сьпявалі Кацюшу.

Па дарозе назад, у дадатковым цягніку, было так цесна, што квіткі правяраць не сталі. Але нягледзячы на цеснату, прадавец піва і вады ўсё ж такі прайшоў побач з намі — вось яно, швайцарскае дбаньне.

І тарты зь мячыкам

Швайцарцы сапраўды добрыя гаспадары. Не чуваць скаргі на шумных футбольных фанаў, празь якіх перакрываюць цэнтар гораду на месяц, а ўвечары немагчыма заснуць. Яны ўсім сэрцам падтрымлівалі сваю каманду, якая на мясцовай гаворцы завецца проста «Швіцэ Нацы». Вось такое «непаліткарэктнае» скарачэньне, якое таксама нікога, акрамя хіба немцаў зь іхняй «Дойчэ Эльф», не бянтэжыць. Швайцарцы без праблем пераключыліся на іншыя каманды пасьля няўдалага выступу сваёй, таму нярэдка можна было пабачыць, напрыклад, аранжавых фанаў, няздольных правільна вымавіць «Хёп Холанд».

І, вядома, дзяржава, гарады, і лічы што ўсе магчымыя камэрцыйныя арганізацыі зрабілі ўсё, што можна, каб Эўра было сапраўды сьвятам. У крамах — футбольная сымболіка ўсіх краінаў‑удзельніцаў, у кандытарскіх — тарты з футбольнымі мячамі. Удзень ходзяць дадатковыя цягнікі і трамваі, а ўначы — аўтобусы па звычайным дзённым тарыфе.

Тэлеэкраны на вуліцах літаральна кожны квартал. Каля гарадоў‑гаспадароў ёсьць агромністыя бясплатныя паркоўкі і кэмпінгі для тых, хто ня здолеў замовіць дарагія месцы ў гатэлях за колькі месяцаў. У фанзонах у час дажджоў бясплатна раздавалі плашчы, а як вярнулася сьпякота, паставілі вулічны душ. А якой рознакаляровай стала галоўная царква Цюрыха!

Усе газэты разьлічаныя на масавага чытача штодзень ставяць футбольныя навіны на першую паласу, нягледзячы на тое, што паралельна праходзяць скандалы з развалам найвялікшай партыі ў парлямэнце і няшчасным выпадкам у арміі. Швайцарскі тэлеканал SF нядаўна паставіў рэкорд — болей за мільён гледачоў адначасова. Літаральна на кожным доме зь некалькіх вокнаў вісяць сьцягі. Прычым, ня толькі швайцарскія. Вельмі распаўсюджаныя партугальскія, гішпанскія, італьянскія, харвацкія і турэцкія штандары. Кожная трэцяя машына на вуліцы са сьцяжкамі, часам нават некалькіх краінаў. У трамваях у любы час можна сустрэць людзей у футбольнай атрыбутыцы. На абедах галоўная тэма — ўчорашняя ды сёньняшняя гульні.

Ветлыя фанаты

Фаны на дзіва вядуць сябе вельмі прыстойна. Добра ўжываюцца між сабой заўзятары процілеглых камандаў. Ніякай агрэсіі ці хуліганства не заўважаецца. Па навінах пэрыядычна праходзіць што то тут, то там арыштоўваюць колькі дзесяткаў людзей, але гэта ўсё ж такі кропля ў моры. Гістарычныя гарады зусім не пацярпелі. Паліцыя максымальна карэктная — нават, каб зьняць групу фанаў, якія сядзелі на даху аўтобуснага прыпынку ў Базэлі, туды проста падняўся адзін паліцыянт у бэйсболцы і паразмаўляў з кожным пэрсанальна. Дапамагло.

Можа, не апошнюю ролю тут грае тое, што, каб атрымаць асалоду ад футболу у Швайцарыі, трэба мець троху грошай. Нават калі спыніцца ў сяброў ці на кэмпінгу, то банальная пляшка піва каштуе 6‑8 франкаў (12‑16 тысячаў рублёў), а вядомыя швайцарскія кілбаскі — ад 5 да 10 франкаў (10‑20 тысячаў). Дый калі ногі стамляюцца ад стаяньня ў фанзоне, і хочацца праехацца на грамадзкім транспарце, трэба быць гатовым выкласьці 3.90 CHF — амаль 8000 рублёў. Адно што, бэнзін таньнейшы, чым у суседняй Нямеччыне, але на аўто ў гэты месяц па горадзе езьдзіць цяжкавата. Хоць, насамрэч, можна ня траціцца і зусім — уваход у фанзоны бясплатны, з сваімі напоямі і ежай прапускаюць.

Сьвятая сьвятых футболу

Каб патрапіць на стадыён, трэба было альбо выйграць у лятарэю, альбо праз фан‑арганізацыі краін‑удзельніц набыць квіткі ў фэдэрацыі. Абедзьве крыніцы былі спустошаныя даўно. Таму апошнім часам заставаўся толькі чорны рынак — ці аўкцыёны ў інтэрнэце, ці на вуліцы перад матчам. 20 хвілін выбару варыянтаў ля цюрыхскага стадыёну «Летцыгрунд», і я здолеў патрапіць на вельмі цікавы групавы матч Італія — Румынія.

Розьніца паміж стадыёнам і праглядам на вуліцы калясальная. Напрыклад, у тым, што на стадыёне можна пачуць эмацыйную замежную гаворку, не зьмяшаную зь нямецкай і не заглушаную калёнкамі. За час гульні я пасьпеў добра вывучыць словы «бастардо» і «імпосібель». На жаль, аматары былі настолькі спакойныя і прыстойныя, што ніводнай мэксыканскай хвалі не прайшло.

Нечаканасьць — агромністыя экраны, на якіх паказвалі паўторы галоў і спрэчных момантаў. Калісьці я чуў, што такіх экранаў ня ставяць, каб не завадзіць публіку. Але, відаць, на Эўра гэтага не баяліся.

Зусім няшмат засталося да сканчэньня гэтага сьвята. Шкада будзе вяртацца да звычайнай руціны. Да таго, што ўвечары няма звыклага футболу. Але ж наступны швайцарскі прыпынак — Чэмпіянат сьвету па хакеі, засталося ўсяго 10 месяцаў!

Ігар Маханёк, Цюрых

Ігар Маханёк - беларус, спэцыяліст‑кампутарнік, двухразовы пераможца Кубку Яндэксу. Цяпер працуе ў Цюрыху на Google.

Болей здымкаў аўтара з Эўра-2008 можна паглядзець

тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0