1 лістапада, на партале kniharnia.by з’явілася ў продажы кніга Уладзіміра Садоўскага «1813». Гэта зомбі-хорар, напісаны на матэрыяле беларускай гісторыі.

1813 год. Напалеонаўскія войскі адступілі, але пасля зімы на палях засталося шмат непахаваных трупаў французскіх салдат. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Гэта не хто іншы, як Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а цяпер сенатар Расійскай імперыі. Ён прыязджае ў госці да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладзечна.

З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе ажылых мерцвякоў.

Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага краю супраць паўсталых пачвараў.

Гэтая кніга стала першай спробай краўдфандынгу для выдання менавіта электроннай кнігі. Многія чытачы падтрымалі праект, грошы былі сабраныя ў рэкордна кароткія тэрміны.

Пазнаёміцца з аўтарам, даведацца пра тое, як з'явілася ідэя напісання кнігі, ці будзе працяг і ці лёгка маладому аўтару выдаць кнігу ў Беларусі - адказы на ўсе гэтыя пытанні можна будзе атрымаць на прэзентацыі, якая адбудзецца

10 лістапада ў 19.00 у новай культурніцкай прасторы «Тартак» па адрасе: г. Мінск, вул. Магілёўская, 2, корпус 2, 4-ы паверх (ст.м. «Інстытут культуры», адразу за ГЦ «Мост»).