Днём 31 кастрычніка каля вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна Дзяржаўтаінспекцыя з прымяненнем табельнай зброі спыняла п'янага кіроўцу.

Каля вёскі Пабеда Веткаўскага раёна экіпаж ДАІ пачаў пераслед аўтамабіля «Мерседэс», выкрадзенага са штрафстаянкі. Кіроўца не рэагаваў на патрабаванні аб спыненні. Павялічваючы хуткасць, ён стаў уцякаць ад супрацоўнікаў міліцыі ў напрамку Веткі, віляючы з боку ў бок і не даючы сябе абагнаць, а потым, развярнуўшыся, працягнуў рух у напрамку Гомеля, паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольга Развякова.

Да пагоні далучыўся яшчэ адзін аўтамабіль ДАІ, але кіроўца працягваў рабіць спробы сысці ад пераследу, пры гэтым ствараючы пагрозу жыццю і здароўю людзей. Таму міліцыянеры, пасля адпаведных папярэджанняў, стрэлілі і прабілі задняе левае кола «Мерседэса». Але і на спушчаным коле кіроўца спрабаваў уцячы. Толькі пасля таго як было прабіта і правае задняе кола, аўтамабіль спыніўся. Кіроўца выскачыў з машыны і кінуўся бегчы, але яго нагналі інспектары.

«У ходзе далейшага разбору было ўстаноўлена, што аўтамабілем «Мерседэс» кіраваў нецвярозы 40-гадовы мужчына. Ад праходжання медагляду ён адмовіўся. Да апошняй сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ 19 разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнні ПДР, яшчэ ў 2013 годзе ён быў пазбаўлены права кіравання тэрмінам на тры гады за язду ў нецвярозым выглядзе. Характэрна, што за два дні да пагоні гэты ж кіроўца быў затрыманы за кіраванне ў нецвярозым стане, на яго было складзена два адміністрацыйныя пратаколы. На аўтамабіль быў накладзены арышт, і ён быў дастаўлены на штрафстаянку ў Гомелі. Аднак мужчына вырашыў, што яго аўтамабілю там не месца, і выкраў яго са стаянкі», — распавяла Развякова.

Цяпер у дачыненні да кіроўцы — жыхара Гомельскага раёна — склалі шэсць новых адміністрацыйных пратаколаў, па якіх яму пагражае вялікі штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?