Учора ў Менску Магілёўскі абласны драматычны тэатар паказаў адну са сваіх сёлетніх прэм’ераў —спэктакль «Браты і Ліза» паводле Аляксея Казанцава.

У нашы дні сам факт гастроляў абласнога тэатра ў сталіцы, з майго гледзішча, ужо ёсьць падзеяй.

Радуюся за магілёцаў, бо толькі яны не баяцца рэгулярна прыяжджаць у Менск: і сродкі знаходзяць, і паказваць ім ёсьць што.

За два апошнія гады сталічная публіка ўбачыла іхныя «Жаніцьбу» Гогаля, «У маленькім маёнтку» Віткевіча, «Крэйцараву санату» Талстога і вось — «Братоў і Лізу». Тэатар тым самым падкрэсьлівае, што ён ня недзе там на задворках тэатральнага працэсу, а актыўна (і даволі плённа, як па мне) у ім удзельнічае.

Выглядае, што і сталічны глядач прывыкае да Магілёўскага тэатра.

На спэктакль «Браты і Ліза», які паказваўся на сцэне Тэатра беларускай арміі, увогуле без адмысловай рэклямы, сабралася багата гледачоў — каля 90 адсоткаў залі.

Квіткі былі далёка ня таннымі: празь інтэрнэт-касы ад 10 да 17 рублёў. Парадавала, што ў Менску людзі выбіраюць ня толькі забаўляльную безгустоўшчыну, але і сур’ёзную псыхалягічную драму.

Падзеяй я называю ўчорашні спэктакль яшчэ і таму, што тэатар пазнаёміў Менск з новым імем у беларускай рэжысуры.

«Братоў і Лізу» паставіў сёлетні выпускнік Акадэміі мастацтваў (майстэрня Мікалая Пінігіна) — Віталь Краўчанка. Першы ў жыцьці самастойны спэктакль на прафэсійнай сцэне — і першы посьпех.

Праца Віталя Краўчанкі выклікае павагу тонкай псыхалягічнай партытурай, складаныя пабудовы абсурдысцкай драмы змушаюць гледачоў думаць, і яны прачытваюць гісторыю як на інтэлектуальным, гэтак і эмацыйным узроўні.

Народная артыстка Бэла Масумян павіншавала рэжысёра Віталя Краўчанку і нават папрасіла падпісаць праграмку.

Я глядзеў спэктакль другі раз. (Першы раз — у Магілёве ў сакавіку як рэцэнзэнт дыплёмнай працы ад Акадэміі мастацтваў, і прапанаваў дзяржкамісіі паставіць дыпляманту 10, што яна і зрабіла). Спэктакль не разваліўся, ён жывы, хоць прычапіцца, натуральна, ёсьць да чаго і да каго. І ўчора, нягледзячы на тое, што ён ішоў пры непаўнавартасным сьвятле, не атрымалася яно на новай пляцоўцы, і атмасфэра спэктакля была парушаная, прайшоў ён вельмі годна, абсалютна варта сталічных падмосткаў. Цёпла прынялі яго і гледачы, я бачыў людзей, якія нават плакалі ад спачуваньня героям. Такім чынам, адбылося хрышчэньне цікавага маладога беларускага рэжысэра ў сталіцы.

Ёсьць зьмена ў айчыннай рэжысуры, але ці яна патрэбная менскім тэатрам?! Пытаньне не рытарычнае, бо ведаю, што стукаўся Краўчанка і ў дзьверы тэатра, дзе раней ён працаваў акторам. Але яму іх не адчынілі.

Кажуць, што зноў там зьбіраецца нешта ставіць маскоўскі Астрахан. Дык пра якое разьвіцьцё нацыянальнага тэатру можа ісьці гаворка?

Падзеяй учорашні спэктакль я называю яшчэ і таму, што на яго прыйшлі амаль усе аўтарытэтныя крытыкі, таксама журналісты, якія пішуць пра тэатар, маладыя акторы менскіх тэатраў і нават народная артыстка Бэла Масумян. Далёка не на кожнай прэм’еры менскіх тэатраў мы зьбіраемся ў такім таварыстве.

Я шчыра дзякую дырэкцыі Магілёўскага тэатра, акторам Мікалаю Раманоўскаму, Ганне і Руслану Кушнерам, Марыі Рудаковай, рэжысэру-дэбютанту Віталю Краўчанку за ўчорашні спэктакль, за іхнае жаданьне ў найскладанейшых эканамічных умовах рабіць сур’ёзны тэатар, за надзею на тэатральнае абнаўленьне. І нават калі крытыкі і выкажуць вам заўвагі, гэта будзе нармалёва, не крыўдуйце. Важна, што пра вас гавораць, вы сябе паказваеце і вас заўважаюць, бачаць. Вы ёсьць у беларускім тэатральным мастацтве. Віншую зь менскай прэм’ерай і годным рэжысэрскім дэбютам!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру