Да набору жалезных, як Маргарэт Тэтчэр, аргумэнтаў, якія гарантуюць нам вечна нізкія кошты на расейскі газ («НАТО — бяка», агульная славянская кроў, акопы Другой сусьветнай), у Берасьці дадаўся новы: «беларусы татальна падтрымлівалі расейскую зборную на Эўра’2008». Засталося толькі напоўніць тэзіс канкрэтным зьместам.

26.08.2008
10.45

Масква. Перад офісам «Газпрому».

— Раз‑два: «Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род!» Камякоў, ты як у трубу дудзіш? Празь пяць хвілін перамовы па газу, а ты, прабач, нейкія пукі выдаеш. Як ты зьбіраесься ўвогуле кошт $140 за тысячу кубоў утрымаць? Што? Прапануеш забацаць усёй дэлегацыяй барыню пад балалайку?! Калісьці танчыў у Доме піянэраў. Ты яшчэ прапануй перад Грэфам сцэну першага балу Наташы Растовай з «Вайны і міру» ў ролях разыграць. Не праканае, Камякоў! Зараз расейцаў можна толькі на футболе разводзіць. Так, міністры, у нас яшчэ ёсьць пяць хвілін. Паўторым крычалку. І‑і‑і‑і: «Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род!» Ня чую трашчотак: «Але‑але‑але‑але». Добра. Вышэй транспарант. Дзе труба? Стоп! Камякоў, блін… Што? Час ісьці. Ну, пайшлі…

12.50
Масква. Офіс «Газпрому».

— Якія 200 баксаў за тысячу кубамэтраў? Памілуйце, спадар Грэф. Мы ж у чэрвені 2008‑га разам перажывалі за расейскую зборную! Мы не глядзелі, хто расеец, хто беларус. Для нас на першым месцы было толькі каб гол забілі. 200 баксаў! З вас пасьля гэтага ўвесь сьвет сьмяяцца будзе. Ладна, павышайце! Ладна! Кідайце тых, хто гніў у чэрвені 2008‑га на трыбунах. Як жа так? Мы ж на Эўра татальна ад расейскай зборнай фанацелі! Глядзіце самі: «Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род! Але‑але‑але‑але»…

14.00
Масква. Офіс «Газпрому».

— Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род! Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род! Але‑але‑але‑але. Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род! Але‑але‑але‑але. Дарэчы, ты за каго балееш, Грэф? За Расею? А вось мы зараз праверым. У якім месцы на полі на 28‑й хвіліне ў матчы з Грэцыяй быў Аршанін? Што маўчыш? Хлопцы, гэты перац, здаецца, зь іншай фірмы! Зуб даю, што ён за туркаў! Мачы яго, пацаны! На! На! Вось табе за Расею! Камякоў, што стаіш? Дай яму трубою. Во так. Што? Ахоўнікі? Шухер! Цякайма, хлопцы! Пашанцавала табе, турак.

20.00
У цягніку Масква—Менск.

— М‑да, крыху не даціснулі… Але чоткі атрымаўся выезд! І нікуды Грэф ад нас ня дзенецца. Наступны раз пасьля Алімпіяды паедзем. А ну, пацаны, давайце нашу крычалку: «Ра‑сея, ўпе‑род! Нас‑таў твой чэ‑род! Але‑але‑але‑але»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?