Ва Уладзіміра Высоцкага была такая асаблівасць — выконваць свае песні на не наладжанай па гуку гітары. Калі нехта тое заўважаў і намагаўся зрабіць наладку, Высоцкі жудасна злаваўся і пагражаў пабіць добразычліўца. Адыходзячы, спявак прызнаваўся, што рабіў гэта наўмысна, неакадэмічнасцю гучання хацеў паказаць, што ён, Высоцкі, пры ўсёй сваёй папулярнасці, па-ранейшаму звычайны чалавек. Ён свой і гучыць ён так, як граюць у дварах, а словы яго песень простыя, зразумелыя кожнаму.

Простыя словы, простыя рэчы:

На Захадзе ў той час нараджаўся, квітнеў панк-рок, як альтэрнатыва ўсяму правільнаму, дасканаламу. Разбітыя гітары, іракезы, лаянка ў жывым эфіры, знявага да стандартаў і да любых праяў культу — такім было пачуццё пакалення, што нарадзілася пасля вайны. Высоцкі ні ў якім разе не належаў да панк-року, ён быў бардам, што адчуў неадпаведнасць выхалашчанаму вобразу спевака, гэтакага агульнага Мусліма Магамаева, што ў прыгожым касцюме, годным голасам спявае добрыя песні для правільных людзей.

Хлеб на стале, полымя ў печы.

Псіхолагі сцвярджаюць, што чалавек па сваёй сутнасці перманентна нечым незадаволены. Так з’яўляецца канкурэнцыя — жаданне зрабіць нешта лепшае, пры адчуванні фальшы ў сацыяльнай сферы абуджаецца годнасць. Калі тое закіпае на ўзроўні нацыі — быць рэвалюцыі, грамадства незадаволеных творцаў стварае новыя плыні і модус вівэндзі. Бацькі ведаюць, як цяжка з падлеткамі: мы жадаем ім самага лепшага, ім падаецца гэта фальшывым. А мы ж сумленныя, толькі нашы хібы відавочныя звонку. Так за прыгожымі словамі камуністычнай рыторыкі людзі бачылі шыкоўнае жыццё партыйнай эліты, а за берлінскім мурам капіталізм меў свае в’етнамы. Словы разыходзіліся са справамі, што выклікала пратэст. За мір ва ўсім свеце, поўныя паліцы спажывецкіх тавараў, упэўненасць у заўтрашнім дні, справядлівасць, амерыканская мара…

Гэта так проста, гэта так добра,

Ствараць вобраз правільнага жыцця і пашыраць яго на іншых — мадэль існавання любой сістэмы. Вяршыняй усяго была дзяржава, што трымалася на прынцыпах нацыі з абавязковым пантэонам герояў.

Як з галавою залезці пад коўдру.

Як было раней? Эпоха нараджала герояў: Гамер, Рычард Ільвінае сэрца, Д’Артаньян, Гагарын — сапраўдныя ці выдуманыя яны былі адпаведнікамі эпохі, падмуркам дзяржавы. Пры гэтым колькі б пажарныя, міліцыянеры ці простыя людзі не рабілі добрых учынкаў, сапраўдны гераізм мусіў прайсці праз вайну і ахвяраванне жыццём. Вайну «халодную» ці «гарачую» — гераізм выспяваў на канфлікце сістэм і ўлады. Так было ад пачатку і раптам змянілася на скрыжаванні тысячагоддзяў. Настаў час рэчаў, героі больш не патрэбныя.

Простыя словы,
Простыя рэчы,
Простыя словы,
Простыя рэчы.

Праверыць тое лёгка — дастаткова назваць сучаснікаў, каго можна залічыць у героі. У грамадстве без вайны з героямі цяжка. Нават калі і знайсці такіх, толькі вось пытанне, ці ўспрымаюцца яны так астатнім грамадствам? Інфармацыйная прастора пабудаваная так, што вобраз героя не паспявае сфарміравацца, як яго змывае новай хваляй штодзённых падзей. Вынікам мы маем знакамітых людзей, не герояў, а медыйных зорак з непрацяглым перыядам ззяння.

Прыцемкам сінім, зімовай парою

Адсюль і адсутнасць якіхсьці аўтарытэтаў, бясконцыя спрэчкі ў сацыяльных сетках з безвыніковым фіналам. Няма на каго спасылацца, абаперціся, створаная атмасфера ўсеагульнага нігілізму. Журналісты не прызнаюць за журналістаў сваіх калег, літаратары шэпатам спрачаюцца, хто больш варты прэміі, а палітыкі ўсё больш нагадваюць фінансістаў, для якіх палітычная перамога зусім неабавязковая. Wanted рэпутацыя і героі.

У доме бацькоўскім усё так знаёма.

Затое амаль усеагульны кансэнсус дасягнуты ў тым, што тэлефоны фруктовай кампаніі лепшыя з лепшых, а на любое пытанне «дзе і як» абавязкова знойдзецца адпаведны брэнд з ужо напрацаванай рэпутацыяй. Так атрымліваецца, што пакуль чалавецтва не ваюе, яго апаноўваюць спажывецкія радасці і магія рэчаў.

Ёсць чым сагрэцца, ёсць дзе схавацца

Пры гэтым рэчы мусяць быць не проста якаснымі, а пры гэтым яшчэ і складанымі, з абавязковым прымяненнем высокатэхналагічных дасягненняў і касмічных тэхналогій. Быццам, усе астатнія яны — абы-што, а наш прадукт, ён не такі — ён не просты, ён вельмі складаны. Не засталося простых рэчаў.

У доме бацькоўскім, у матчынай хаце.

Нябачны, але аўтарытэтны голас нам кажа: «Чалавек, ён жа такі складаны, і простыя рэчы яму не даспадобы». І ты ўжо думаеш, можа, і мне неабходна, я ж зусім няпросты? Гэта старадаўнія героі былі простымі — хм, аддалі сваё жыццё за дзяржаву. А тут усё нібыта складней, вось сусед мае гэтую рэч, і ён задаволены. Складанасць у цяжкасці выбару. Урэшце вырашаеш паспрабаваць, купляеш, і табе падабаецца. «Лайкаеш», распавядаеш пра мінусы і плюсы знаёмым, пішаш водгук на сайт.

Простыя словы,
Простыя рэчы,
Простыя словы,
Простыя рэчы.

Так незаўважна і між волі прычыняешся да рэкламнай кампаніі па прасоўванні прадуктаў і сэрвісаў. Нашы дыялогі сталі падобнымі да камерцыйных слоганаў. «Я заўсёды купляю тварог Х» — кажа бабуля маці. Хіпстар радасна дзеліцца: «Я замаўляю таксі ў адзін клік». Тое, з чаго мы кпілі ў «Шоў Трумэна», раптам высветлілася, было знята пра нас. У гэтай сістэме каардынат героі больш не патрэбныя, неабходныя знакамітыя людзі дзеля рэкламы. Пры гэтым рэчы, нягледзячы на сваю складанасць і «няпростасць», становяцца неадпаведнымі сучаснаму чалавеку літаральна на наступны год, і пачуцце няёмкасці не адчэпіцца да апгрэйду. Такое ўсё няпростае, што яшчэ і звычайна не рамантуецца, бо прасцей набыць новае, яшчэ больш складана-дасканалае.

Усё так надзейна, усё так грунтоўна,

Тое, чым пагражалі пісьменнікі, стала рэальнасцю. Папера гарыць, Брэдбэры меў рацыю. Рычагі кіравання свядомасцю людзей перайшлі ад дзяржавы да карпарацый, якія са спрытнасцю чарадзеяў ператвараюць простыя рэчы ў складаныя.

Што тут дадаць — хiба што нічога.

Узяць прынамсі піва — народны напой, даступны кожнаму, паважаны як багацеямі, так і людзям з нізкім прыбыткам. Раптам высвятляецца, што не ўсё так проста, ёсць нейкія «IPA», «крафт», абмежаваныя партыі для вузкага кола людзей. Быў просты напой, і вось цуда — зрабіўся амаль элітарным. Каньяк, віскі, віно, дзе дубовыя бочкі і доўгі час, выспявання, зразумела рабілі іх элітнымі напоямі з высокім коштам. У выпадку з півам усё выглядае маркетынгавай маніпуляцый. Паспяховай і абуральнай, як хлеб за $1000, бо ў цеста дадалі крошкі золата. Некалі прадстаўнік адной замежнай кампаніі падзяліўся тым, што неафіцыйны слоган іх дзейнасці — ствараць попыт. І гэта працуе: хіпстары смакуюць адзіночнымі глыткамі магічны эль, шалёна чэкіняцца і засылаюць у піўную аплікацыю здымкі. У мешаніне гатункаў і сіропаў галоўным лічыцца статус, што вымяраецца лайкамі. А некалі ж было проста — «мне піва» гучала ў піўных Мінска, Парыжа, Мадрыда, казалі, не згадваючы марак, бо гэта ж піва — просты прадукт, як хлеб і вада. А цяпер складана, на штучнай Зыбіцкай пануе атмасфера дасканалага элю.

Можна жыць далей, дзень прыйдзе новы.

І з гэтым нічога не зробіш, попыт мусіць быць задаволены, ды і рэчы, здаецца, някепскія. Не пачынаць жа новыя войны, каб рэстаўраваць пантэоны несмяротных герояў. Усё адно грамадства дасягне той кропкі, калі баланс будзе адноўлены. Немагчыма бясконца спажываць салодкае — пачне ванітаваць, нават калі не ўсіх, а толькі асобных. У адказ на мэйнстрым спажывання і густаў — непазбежныя новыя газеты «Навінкі», мастацкія «Беларускія кліматы», музычныя Мроі, грамадскія Талакі. Нешта будзе.

Дабранач, паненкі! Дабранач панове!

Гітары адмыслова разладзяцца. На вокладках модных часопісаў будуць здымкі простых дзяўчат: прыгожых, як «Нараджэнне Венеры», пажаданых, як раніцой кава. Натуральна і амаль выпадкова мы раптам сустрэнемся з імі ў антызыбіцкіх барах, дзе пад келіх светлага свежага закранём тое простае, што хвалюе спакон веку мужчын і жанчын.

Простыя словы,
Простыя рэчы,
Простыя словы,
Простыя рэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?